Ад яркіх “Зорачак” да лёгкіх “Іскрынак”

Грамадства Свежыя навіны

На базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прайшоў раённы этап ІІІ рэспубліканскага агляду-конкурсу “Агеньчык запрашае сяброў!”.

Гэта традыцыйнае мерапрыемства ГА “БРПА”, якое скіравана на прывіццё культуры здаровага ладу жыцця, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, фізічнае развіццё членаў піянерскай арганізацыі.

На спартыўнай пляцоўцы сустрэліся члены акцябрацкіх груп узроставай катэгорыі 7-10 гадоў “Зорачкі”, а таксама піянерскіх атрадаў, 10-14 гадоў, і дружынаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі – “Іскрынкі”.

Творчыя нумары і фізічную загартоўку ўдзельнікаў каманд ацэньвала журы ў саставе старшыні раённага савета ГА “БРПА” Ірыны Мішчанка, першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярыны Хілімончык, метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталлі Пазняк.

Навучэнцы спаборнічалі ў трох конкурсных намінацыях.

Яркія нумары чарлідынг-шоу групаў падтрымкі з элементамі танца, гімнастыкі, акрабатыкі сабраў агляд-конкурс каманд падтрымкі “Піянерскія іскры”. Дзеці вельмі стараліся, а таму лепшых было вызначыць даволі няпроста. Ва ўзроставай катэгорыі “Зорачкі” першынство было прысуджана камандзе “Задор” Дварэцкай сярэдняй школы, на другой пазіцыі аказаліся “Супердзеці” з Гезгалаўскай сярэдняй школы. У гэтай жа намінацыі ва ўзроставай катэгорыі “Іскрынкі” першае месца падзялілі  “Лідары” з Хвінявіцкай сярэдняй школы і “Бульбяняты-2” з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Не менш відовішчным быў агляд-конкурс “Сцяг-шоу”. Першае месца ў ім падзялілі каманда з Круцілавіцкай сярэдняй школы “220 вольт” і “Альтэрнатыва+” гімназіі № 1 горада Дзятлава, другое месца прысуджана камандзе “Юнацтва” з Раклевіцкай базавай школы.

У аглядзе-конкурсе з выкарыстаннем скакалак “Рух уверх!” не было роўных камандзе “Зорныя іскры” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, крыху не “дацягнулі” да першага выніку і аказаліся на другой пазіцыі ўдзельнікі каманды “Імпульс” з Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Выніковыя выступленні парадавалі, аднак у бліжэйшы час плануецца правесці яшчэ раённую сустрэчу агляду-конкурсу, каб канчаткова вызначыцца, якія каманды прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным этапе піянерскага праекта “Агеньчык запрашае сяброў!”

Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga