З добрым настроем

Важнае Грамадства

Сёлета ў Беларусі ўпершыню дадзены старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі для пажылых людзей “Ад усёй душы”.

Мерапрыемства скіравана на аказанне цёлай увагі і падтрымкі старэйшаму пакаленню – пажылым людзям у дамах-інтэрнатах, аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, адзінокім і тым, хто жыве адзінока, доўгажыхарам.

Акцыя арганізавана Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам адукацыі сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Далучыліся да яе і дзятлаўчане.

У час зімовых святаў з падарункамі “Ад усёй душы” і цікавай святочнай праграмай спецыялісты Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна на чале з дырэктарам Таццянай Нікіпорчык, разам са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галінай Касцюк пабывалі ў жыхароў аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына. Насельнікаў аддзялення павіншавалі Дзед Мароз і Снягурачка, госці правялі з імі цікавыя конкурсы і ўручылі салодкія прызы. Людзі сярэбранага ўзросту і самі змаглі “бліснуць талентамі” – чыталі вершы, спявалі песні. У казлоўшчынскім аддзяленні гасцям заўсёды рады, асабліва, калі яны “прывозяць” з сабой свята і добры настрой.

Не засталіся без віншаванняў “Ад усёй душы” і пажылыя землякі з дома самастойнага сумеснага пражывання аграгарадка Гезгалы. Па добрай традыцыі з навагоднімі віншаваннямі да іх завіталі шэфы – навучэнцы мясцовай сярэдняй школы, да якіх з салодкімі пачастункамі далучыліся дзятлаўчане Галіна Касцюк і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

У райцэнтры дабрачынная акцыя “Ад усёй душы” з Таццянай Нікіпорчык, Інай Жыбко, Галінай Касцюк і старшынёй раённай піянерскай арганізацыі Ірынай Мішчанка і піянерамі-валанцёрамі “пабывала ў гасцях” у мясцовых ветэранаў працы, таксама пажылых людзей наведалі ў вёсцы Яцвезь.

Прыемныя падарункі, а галоўнае – шчырая ўвага і цёплыя пажаданні нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі акцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga