Кансультацыя натарыуса. Што такое шлюбны дагавор?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Грошы і маёмасць – адна з асноўных прычын канфліктаў у шлюбе і далейшага разводу.

Для павышэння культуры шлюбных і сямейных адносінаў, вызначэння правоў і абавязкаў мужа і жонкі ў шлюбе і (або) пасля яго скасавання, пара перад вяселлем або пасля яго ў любы час і ў вызначаным ёю аб’ёме правоў і абавязкаў можа заключыць шлюбны дагавор.

 

Гэта пісьмовае пагадненне паміж будучымі ці ўжо мужам і жонкай, якое вызначае іх правы і абавязкі ў шлюбе і (або) пасля яго скасавання. Яно належыць абавязковаму натарыяльнаму засведчанню, а калі яго ўмовы з’яўляюцца ці могуць стаць падставай для ўзнікнення, пераходу, спынення правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на нерухомую маёмасць, то такі натарыяльна засведчаны дагавор належыць дзяржаўнай рэгістрацыі.

Шлюбны дагавор можна заключыць як у адносінах да ўжо нажытай у шлюбе маёмасці, так да той, што будзе нажыта мужам і жонкай пасля заключэння шлюбнага дагавора.

Шлюбны дагавор можа засведчыць любы натарыус.

Для гэтага патрабуюцца: дакументы, якія сведчаць асобу бакоў; дакументы, якія пацвярджаюць факт рэгістрацыі шлюбу (дакумент, які пацвярджае намер бакоў уступіць у шлюб – не прадастаўляецца); дакумент, які пацвярджае прыналежнасць маёмасці; калі прадметам шлюбнага дагавора з’яўляецца пагадненне аб зарэгістраванай нерухомай маёмасці, то прававызначальныя дакументы на яе і выпіска з рэгіструючага органа.

У шлюбным дагаворы могуць быць вызначаны: правы і абавязкі мужа і жонкі па ўзаемным утрыманні, у тым ліку пасля скасавання шлюбу; парадак падзелу маёмасці; іншыя пытанні ўзаемаадносінаў паміж мужам і жонкай (парадак нясення кожным з іх сямейных расходаў і гэтак далей), бацькамі і дзецьмі, калі гэта не парушае правы і законныя інтарэсы іншых асобаў і не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Шлюбны дагавор можа быць зменены, скасаваны па ўзаемнай згодзе асобаў, якія ўступаюць у шлюб, мужам і жонкай да скасавання шлюбу, а таксама былымі мужам і жонкай – у час дзеяння шлюбнага дагавора ў форме і парадку, прадугледжаным для яго заключэння.

Аднабаковая адмова ад шлюбнага дагавора не дапускаецца.

За засведчанне дагавора спаганяецца натарыяльны тарыф у памеры 600 % базавай велічыні, за складанне праекта – 200 % базавай велічыні, калі неабходна кансультацыя пры заключэнні шлюбнага дагавора – 100 % базавай велічыні.

Калі вы сумняваецеся і не ведаеце, як паступіць, натарыус дасць поўную і ўсебаковую кансультацыю, патлумачыць сутнасць дагавора, правоў, абавязкаў бакоў і наступствы здзелкі.

Рашэнне аб неабходнасці заключаць шлюбны дагавор кожная пара або асобы, якія ўступаюць у шлюб, прымаюць самі.

Ларыса АЎСІЕВІЧ,
натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі