У праблемах, якія хвалююць людзей, дробязяў не бывае

Важнае Улада

На пасяджэнні райвыканкама абмеркавалі эфектыўнасць работы са зваротамі грамадзян.

Якія пытанні ў мінулым годзе жыхары Дзятлаўшчыны адрасавалі прадстаўнікам улады, якія меры трэба прыняць, каб удасканаліць работу са зваротамі грамадзян, – аб гэтым ішла размова на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, які правёў яго старшыня Андрэй Садоўскі.

– Па выніках мінулага года выпрацавалася некалькі тэндэнцый, у прычынах якіх трэба дэталёва разабрацца. Агульная колькасць зваротаў у раёне скарацілася. Разам з тым павялічылася колькасць зваротаў у абласны выканаўчы камітэт і вышэйстаячыя органы ўлады па шэрагу кірункаў, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч. – Актуальнымі застаюцца пытанні для дзятлаўчан у сферах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, землеўпарадкавання і землекарыстання, аховы здароўя, транспарту, архітэктуры і будаўніцтва, культуры, аховы прыроды. Аб стане спраў і рабоце з людзьмі ў гэтых галінах неабходна задумацца глыбей.

У 2022 годзе ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Дзятлаўскага раёна паступіла 279 зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў (у 2021 годзе – 304), 12 – калектыўных. У цэлым з году ў год у раёне агульная колькасць зваротаў у мясцовыя органы ўлады зніжаецца. Як расказала намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч, самымі праблемнымі застаюцца пытанні рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду, пракладкі інжынерных сетак у прыватным сектары, рамонту, будаўніцтва і ўтрымання дарог, зямельныя спрэчкі, непрыязныя суседскія адносіны. Большасць з іх павінны вырашацца і вырашаюцца на мясцовым узроўні.

За мінулы год праведзена 87 асабістых прыёмаў грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асобаў, у час якіх прынята 104 заяўнікі. Старшыня райвыканкама правёў 24 асабістыя прыёмы грамадзян, на іх са сваімі праблемамі да кіраўніка раёна звярнуліся 49 чалавек. У ходзе выязных прыёмаў грамадзян па месцы жыхарства кіраўніцтвам райвыканкама прыняты 13 чалавек, з іх старшынёй райвыканкама – 7.

Зменшылася колькасць зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам ад жыхароў населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі Вензавецкага, Данілавіцкага, Дзятлаўскага, Казлоўшчынскага сельсаветаў.

– Фармальна ставіцца да пытання, з якім прыходзіць чалавек, нельга ні ў якім выпадку, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. – Па якіх бы пытаннях не звяртаўся чалавек, як бы эмацыйна, а часам і крыўдна, ні гаварыў, ва ўсіх сітуацыях трэба разбірацца спакойна і па сутнасці. Многія пытанні знімаюцца пры выездзе на месца, пры асабістых зносінах з людзьмі. Увогуле, у нашым раёне наладжана работа з насельніцтвам.

Андрэй Садоўскі таксама падкрэсліў, што аналіз зваротаў грамадзян дапамагае ўладзе зразумець, якія праекты трэба рэалізоўваць у першую чаргу.

Напрыклад, у сувязі з цяжкім фінансавым становішчам некаторых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў утрыманне жыллёвага фонду ажыццяўлялася неналежным чынам. І наймальнікі жылых памяшканняў пасля заключэння дагавораў найму арэнднага жылля з РУП ЖКГ адразу звярталіся ў райвыканкам з заявай аб правядзенні яго рамонту. У мэтах вырашэння сітуацыі РУП ЖКГ праведзены бягучы рамонт шыфернага даху ў 4 дамах у вёсцы Засецце. У сувязі з тым, што рамонт арэнднага жылля дзяржаўнага жыллёвага фонду праводзіцца за кошт адлічэнняў арэнднай платы, на падставе хадайніцтваў РУП ЖКГ Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам былі выдзелены грашовыя сродкі на замену газавага і электрычнага абсталявання ў 10 жылых памяшканнях.

Летась з мэтай паляпшэння жыллёвых умоваў насельніцтва на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні гэтых умоваў у райвыканкаме пастаўлены 38 дзятлаўчан, па месцы жыхарства ў сельвыканкамах – 23 чалавекі.

Грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умова мэтай паляпшэння жыллёвых умоваў насельніцтва на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні гэтых умоваў у райвыканкаме пастаўлены 38 дзятлаўчан, па месцы жыхарства ў сельвыканкамах – 23 чалавекі.

Грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, выдзелены для пражывання 67 арэндных кватэр дзяржаўнага жыллёвага фонду, 7 жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання ў шматкватэрным жылым доме – дзецям-сіротам.

За аналізуемы перыяд 23 чалавекі ўключаны ў спіс грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 000 чалавек, на атрыманне льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў. Райвыканкамам прынята рашэнне аб датэрміновай выплаце сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоваў 22 шматдзетным сем’ям.

З мэтай добраўпарадкавання населеных пунктаў і ўключэння зямель у гаспадарчы абарот выкананы знос 50 безгаспадарных дамоў на тэрыторыі раёна.

На пасяджэнні было адзначана, што на скарачэнне колькасці зваротаў, якія паступілі ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Дзятлаўскага раёна, паўплывала работа на месцах і ў працоўных калектывах.

Структурным падраздзяленням райвыканкама, сельскім выканаўчым камітэтам пастаўлена задача аналізаваць прычыны і ўмовы парушэння заканадаўства, якое рэгулюе работу з насельніцтвам, прыняць меры па ліквідацыі выяўленых недахопаў; увесці ў практыку работы калегіяльны разгляд паўторных і калектыўных зваротаў, ствараючы працоўныя групы, камісіі; актыўна прымяняць выязныя формы разгляду зваротаў; не дапускаць выпадкаў уключэння ў адказы на звароты інфармацыі, не падмацаванай рэальнымі магчымасцямі па іх выкананні.

ДМР не сабралі. Чаму?

Яшчэ адно пытанне было разгледжана на пасяджэнні – выканання ўстаноўленых заданняў па зборы (нарыхтоўцы) і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўскага раёна ў 2022 годзе.

Тэрытарыяльнымі аператарамі па зборы, часовым захоўванні і дастаўцы на перапрацоўчыя прадпрыемствы другасных матэрыяльных рэсурсаў (адходы паперы і кардона, электрычнага і электроннага абсталявання, шкляныя, палімерныя) вызначаны Дзятлаўскае раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Дзятлаўскі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства.

Дзейнічае 6 прыёмных пунктаў другаснай сыравіны. На тэрыторыі раёна ўстаноўлены 254 кантэйнеры для паасобнага збору цвёрдых камунальных адходаў. У жыхароў індывідуальных дамоў у горадзе Дзятлаве, часткова ў гарпасёлку Наваельня, на адказным захоўванні знаходзяцца і выкарыстоўваюцца 1935 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і 1935 кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў. Вызначана месца для дасартыроўкі камунальных адходаў. Усяго ахоплена раздзельным зборам цвёрдых камунальных адходаў 22 тысячы насельніцтва.

У 2022 годзе ў раёне сабрана і здадзена 1257,26 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў (87,9 % гадавога задання). Заданне па зборы палімерных адходаў за мінулы год выканана на 108,1 % (207,6 тоны), адпрацаваных масел – на 102,1 % (35,7 тоны). На перапрацоўчыя прадпрыемствы здадзена 128,1 тоны зношаных шын, што склала 102,5 % да плана.

Не выкананы заданні па зборы (нарыхтоўцы) і здачы адходаў паперы і кардона – 86,2 % ад гадавога задання, шкла – 77,9 %, электрычнага і электроннага абсталявання – 64,9 %.

Напрыканцы пасяджэння старшыня райвыканкама падзякаваў арганізацыям, якія актыўна працуюць над выкананнем пастаўленых задач. Таксама былі заслуханы кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, якія праявілі некампетэнтнасць у рабоце са зваротамі грамадзян, а таксама якія не выканалі план па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў, дадзена ацэнка іх дзейнасці.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga