Віват, работнік культуры! (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

Такім прывітаннем у святочнай зале сустрэлі гасцей канцэрта, прымеркаванага да прафесійнага свята работнікаў культуры, – супрацоўнікаў клубных установаў, бібліятэк, школ мастацтваў, музеяў, народных калектываў нашага раёна.

Мерапрыемства ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пачалося музыкай, добрымі ўсмешкамі гасцей і апладысментамі.

Павіншаваць культработнікаў прыйшло шмат гасцей, і першым слова ўзяў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Культура — гэта арыенцір, аснова і прастора ўсяго нашага жыцця. Менавіта ў культуры канцэнтруецца гістарычная памяць і духоўная энергія народа. Служыць ёй – ганаровая і адказная місія. Паважаныя работнікі культуры, ваша дзейнасць – гэта пастаяннае свята, за якім стаіць вялікая карпатлівая праца. Асобныя словы ўдзячнасці хачу выказаць ветэранам галіны. Яны энтузіясты сваёй справы. Жадаю вам усім моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, поспехаў у вашай нялёгкай, але такой неабходнай працы! Міру і дабра вам і вашым блізкім!

Ён уручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама гукааператару філіяла “Дварэцкі дом культуры” Андрэю Добышу, метадысту метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяне Дудкінай. Падзячным пісьмом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка, загадчык гаспадаркі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Яніна Зайцава, метадыст аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Кацярына Сарачынская.

Таксама Аляксандр Станіслававіч уручыў узнагароды раённага Савета дэпутатаў прафесіяналам сферы: Ганаровую грамату райсавета – загадчыцы філіяла “Данілавіцкі дом культуры” Святлане Грос, кіраўніку эстраднага аркестра “Акцэнт” Новаяльнянскага дома культуры Сяргею Майсюку; Падзячнае пісьмо старшыні райсавета – дырэктару Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяне Шэнаевай, бібліятэкару Дварэцкай сельскай бібліятэкі сямейнага чытання Алене Казловай.

У гэты святочны дзень усім работнікам культуры, ветэранам вялікую ўдзячнасць за іх працу выказаў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. Ён пажадаў ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, каб ніколі іх не пакідалі творчасць і натхненне, каб яны маглі ўсё больш і больш радаваць і здзіўляць гледачоў сваімі канцэртамі, выставамі, мерапрыемствамі. За добрасумленную працу ён адзначыў многіх работнікаў граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Таксама выканаў пачэсную місію – уручыў памятныя падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, перадаў абласную ўзнагароду – Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама – педагогу Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Алене Гайдук.

У  час мерапрыемства цёплымі словамі, кветкамі і грашовымі прэміямі былі ўшанаваны прафесіяналы, якія прысвяцілі сваёй справе па два, а то і тры дзесяцігоддзі сумленнай працы.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка павіншавала маладых спецыялістаў у сферы культуры раёна з іх першым прафесійным святам і ўручыла членскія білеты галіновага прафсаюза.

Гэтым вечарам свае віншаванні калегам падарылі падраздзяленні культуры раёна, а таксама артысты і творчыя калектывы Дзятлаўшчыны – Іван Кашко, Ганна Харлінская, групы “Бархат”, “Мара”, “Гарачыя сэрцы”, гульнёвы тэатр роставых лялек «Лялькі для ўсіх».

У фае працавала тэматычная фотазона, дзе кожны жадаючы мог зрабіць сэлфі на памяць, пагутарыць з калегамі аб жыцці, новых праектах і надзённых клопатах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: