Крымінальная хроніка. Здарэнні двух мінулых тыдняў

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 16 па 29 мая 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 144 паведамленні, 4 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 35 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 105 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 48 правапарушальнікаў, узбуджана 7 крымінальных спраў.

Заплаціў, ды не набыў

Яшчэ адзін наш зямляк пацярпеў ад дзеянняў інтэрнэт-махляра. У сацыяльнай сетцы “Інстаграм” дзятлаўчанін убачыў аб’яву аб продажы падвяснога крэсла. Прапанова яго зацікавіла, і мужчына перавёў 250 рублёў за пакупку на банкаўскі рахунак прадаўца. На жаль, набытага тавару ён так і не дачакаўся. Узбуджана крымінальная справа.

Куды падзеліся грошы?

З карт-рахунка жыхаркі аднаго з аграгарадкоў нашага раёна ў выніку дзеянняў невядомага інтэрнэт-злачынцы зніклі 355 рублёў. Па дапамогу жанчына звярнулася да праваахоўнікаў. У рамках крымінальнай справы вядзецца расследаванне.

З чужым мабільнікам у кішэні

Знаходзячыся ў гасцях у дзятлаўчаніна, паўторны крадзеж учыніў раней судзімы беспрацоўны грамадзянін. На гэты раз ён прыхапіў з сабой мабільны тэлефон “Huawei” коштам 92 рублі, які належаў іншаму госцю. Зламысніка чакае суд.

Не спадабаўся фон для фота?

Матэрыяльны ўрон у памеры 910 рублёў Дзятлаўскаму лясгасу нанёс невядомы наведвальнік ляснога масіву каля вёскі Малая Воля. Зламыснік учыніў крадзеж дзвюх устаноўленых тут фотапастак. Узбуджана крымінальная справа.

Не тваё – не бяры!

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на раней не судзімага дзятлаўчаніна за тое, што ён скраў веласіпед “Аіст”, пакінуты пенсіянерам каля аднаго з дамоў па вуліцы Міцкевіча ў райцэнтры, чым нанёс пацярпеламу матэрыяльны ўрон на 183 рублі.

Юрый ПАПОЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga