Плямы на целе: што трэба ведаць, каб выжыць?

Грамадства

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя кожны год у свеце рэгіструецца больш за 200 тысяч выпадкаў захворвання на меланому, каля 30 % якіх заканчваюцца смерцю.

Чаму аб гэтай праблеме важна ведаць, тлумачыць намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Таццяна Свіб:

– Асноўная мэта – прыцягнуць увагу да прафілактыкі і ранняй дыягностыкі анкалагічных захворванняў скуры. У Рэспубліцы Беларусь на ўліку з меланомай знаходзіцца больш за 6,5 тысячы чалавек. Першаснае захворванне на меланому скуры ў нашай краіне за 25 гадоў павялічылася больш чым утрая. Нездарма кожны год у маі ў краінах Еўропы праходзіць кампанія “Еўрамеланома” (“Euromelanoma”). Яна стартавала ў Бельгіі ў 1999 годзе і сёння налічвае 30 у сваім саставе краін-удзельніц.

– Каму найперш пагражае меланома?

– Адзначаецца больш высокі ўзровень захворвання на меланому гарадскіх жыхароў. Пры гэтым высокая рызыка – сярод жанчын у маладым і сярэднім узросце, амаль палова хворых на меланому з’яўляюцца асобамі працаздольнага ўзросту. У кожнага чалавека, які калі-небудзь падвяргаўся празмернаму УФ-выпраменьванню, існуе рызыка развіцця меланомы, пры гэтым у шэрагу выпадкаў яна ўзрастае ў людзей са светлай адчувальнай скурай, схільнай да сонечных апёкаў, а таксама ў тых, хто мае вялікую колькасць радзімак. Высокая рызыка развіцця меланомы ёсць і пры наяўнасці падобнага захворвання ў сямейнай гісторыі: больш чым удвая павялічваецца рызыка пры наяўнасці захворвання ў сваякоў першага парадку (маці, бацькі, братоў і сясцёр).

– Наколькі небяспечнае гэта захворванне і як яго распазнаць?

– Нягледзячы на тое, што ў 85 % выпадкаў меланома дыягнастуецца на I і II стадыях, Рэспубліка Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім паказчыкам смяротнасці ад меланомы (27 %) і значна адстае ад шэрагу краін свету, у якіх гэты паказчык ніжэйшы ў 2-4 разы. У сувязі з гэтым адным з найбольш праблемных пытанняў з’яўляецца дыягностыка ранняй меланомы. Каля паловы выпадкаў захворвання прыпадае на асобаў ва ўзросце 30-60 гадоў. Пухліна можа развівацца ў любой частцы цела, але “ўпадабанай” яе лакалізацыяй у жанчын з’яўляюцца ніжнія канечнасці, а ў мужчын – тулава (прыкладна 50 % усіх меланом). Выяўленне меланомы на ранніх стадыях– ключавы фактар, які спрыяе зніжэнню смяротнасці ад гэтага захворвання. Часта няпроста знайсці адрозненні паміж звычайным пігментным утварэннем і меланомай. Каб разабрацца, трэба помніць 5 асноўных прыкмет меланомы: асіметрыя, недакладныя (няроўныя) межы ачага, нераўнамерная афарбоўка, дыяметр большы за 5 мм, змена ачага з часам (формы, памеру, колеру). Пры наяўнасці падазроных пігментных утварэнняў варта неадкладна звярнуцца да доктара. Спецыяльныя метады даследавання дазволяць спецыялісту паставіць дакладны дыягназ.

– Ці існуе прафілактыка меланомы?

– Паменшыць рызыку развіцця захворвання дазваляе шэраг нескладаных для захавання правілаў: рэгулярны агляд скурных пакроваў; абавязковая абарона скуры ад уздзеяння ультрафіялетавага выпраменьвання пры вялікім ліку пігментных радзімак; абмежаванне часу знаходжання на адкрытым паветры ў сонечнае надвор’е (з 10 да 15 гадзін у летні час); выкарыстанне фотаахоўных сродкаў (галаўныя ўборы, сонцаахоўныя акуляры, адзенне, крэмы), абмежаванае выкарыстанне салярыяў.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: