Як шмат у слове “мама” сэнсу!

Важнае Грамадства

Слова “мама” разумеюць ва ўсіх краінах, і гучыць яно амаль аднолькава на большасці моваў свету.

Колькі твораў і вершаў прысвечана любові да маці! Само слова “мама” – далікатнае і цёплае. Адразу ва ўяўленні ўсплывае яе шчыры і пяшчотны вобраз. І як жа важна, каб кожнае дзіця на Зямлі мела магчымасць не проста вымаўляць гэта слова, а быць побач з мамай, няхай і не роднай, але такой жа добрай і чулай, спагадлівай і клапатлівай, побач з той мамай, бацькоўскі абавязак якой стаў пачэснай і прыемнай прафесіяй для многіх жанчын.

У нашым раёне для шасці жанчын быць прыёмнай мамай стала жыццёвым прызваннем. Напярэдадні цёплага вясновага свята – Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка – калектыў сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава выказвае шчырую падзяку зямлячкам, якія ўзялі пад сваё крыло дзяцей, што засталіся без клопату і любові кроўных бацькоў. Гэта прыёмныя мамы Таццяна Сянчурына, Ніна Млынарчык, Марына Шэлег, Людміла Асіпук-Фатон, Вольга Гушча, Святлана Белавус. Дзякуем ім за клопаты па выхаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Мы віншуем прыёмных матуляў і маму-выхавальніцу з 8 Сакавіка, жадаем невычэрпных жыццёвых сіл, здароўя і даўгалецця. Няхай у вашых дамах заўсёды пануюць цяпло і ўтульнасць, любоў і святло, няхай блізкія і родныя будуць побач, а жыццё поўніцца радасцю і добрымі падзеямі.

Калі ж хто-небудзь яшчэ з дарагіх нашых зямлячак хоча падарыць цяпло і клопат дзецям, якія па розных прычынах засталіся без падтрымкі бацькоў, запрашаем вас стаць прыёмнай маці. З пытаннямі, як гэта зрабіць, можна звяртацца да галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Алены Анатольеўны Чайкоўскай на нумар 2-23-17 ці да дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Алы Аркадзьеўны Жэгалік на нумар 2-71-18.

Марына СЕРБІН,
сацыяльны педагог СПЦ горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga