Просім нас развесці! Або скасаванне шлюбу па законе

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

На далікатныя, але жыццёвыя пытанні, якія датычацца скасавання шлюбу органам ЗАГС адказвае начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч:

У нас з жонкай няма агульных непаўналетніх дзяцей, толькі дзіця жонкі ад першага шлюбу і агульная дачка, якой ужо 22 гады. Спрэчкі аб падзеле маёмасці ў нас няма, жонка згодная на скасаванне шлюбу. Ці можам мы развесціся ў ЗАГСе, не звяртаючыся ў суд?

– Так, скасаванне шлюбу органам, рэгіструючым акты грамадзянскага стану, праводзіцца па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчкі аб маёмасці. Дзяржаўная пошліна за рэгістрацыю скасавання шлюбу сёння складае 128 беларускіх рублёў.

Ці можа жонка адна прыйсці ў прызначаны дзень для рэгістрацыі скасавання шлюбу, бо я планую ў гэты перыяд выехаць у камандзіроўку ў Расійскую Федэрацыю?

Калі муж або жонка не могуць прыйсці ў ЗАГС, рэгістрацыя можа быць праведзена ў адсутнасці аднаго з іх, калі ад яго імя будзе прадастаўлена заява з просьбай рэгістрацыі скасавання шлюбу ў яго адсутнасць. Сапраўднасць подпісу на заяве павінна быць засведчана натарыусам або службовай асобай, якой у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь прадастаўлена права ажыццяўляць натарыяльныя дзеянні.

Наколькі хутка можна атрымаць развод?

Скасаванне шлюбу праводзіцца аддзелам ЗАГС ва ўзгоднены з мужам і жонкай тэрмін, але не раней чым праз месяц і не пазней чым праз два месяцы з дня падачы сумеснай заявы аб скасаванні шлюбу.

Даведачна:

Пры звароце па рэгістрацыю скасавання шлюбу муж і жонка маюць права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам.

Медыяцыя праводзіцца ў мэтах урэгулявання спрэчкі (спрэчак) бакоў шляхам выпрацоўкі імі ўзаемапрымальнага пагаднення.

Інфармацыйная сустрэча з медыятарам праводзіцца на добраахвотнай аснове да правядзення медыяцыі і ўяўляе сабой гутарку мужа і жонкі з медыятарам, падчас якой ім тлумачацца функцыі медыятара, мэты, прынцыпы і правілы правядзення медыяцыі, правы і абавязкі бакоў, парадак і прававыя наступствы заключэння медыятыўнага пагаднення.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga