Родам з Казлоўшчынскага краю

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Гісторыя беларускай навукі пішацца ўжо амаль трэць стагоддзя.

У нашай краіне распрацоўваюцца сучасныя тэхналогіі, рэалізуюцца інавацыйныя праекты, ствараюцца новыя вытворчасці.

І хоць у Дзятлаўскім раёне няма навукова-даследчых арганізацый і вышэйшых навучальных установаў, але досыць шмат сярэдніх школ, якія рыхтуюць дастойных маладых людзей – будучыя кадры, у тым ліку і для навукі. Сярод іх шэсць дактароў навук – выпускнікі Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Міхаіл Васільевіч Радзіеўскі і Іван Мікалаевіч Белы – абодва з вёскі Гярбелевічы, прысвяцілі сябе эканамічнай навуцы. Міхаіл Радзіеўскі даследаваў пытанні эканомікі прадпрыемства, бізнес-планы інвестыцыйных праектаў, аператыўнага кіравання вытворчасці, маркетынгу ў сістэме кіравання прамысловым прадпрыемствам.

Навуковыя інтарэсы Івана Белага былі прысвечаны даследаванню праблем развіцця тэорыі і метадалогіі вызначэння сабекошту прадукцыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Цікава тое, што іх навуковыя работы ахоплівалі шырокі спектр гаспадарчай дзейнасці Рэспублікі Беларусь: і прамысловую вытворчасць, і сельскую гаспадарку. Абодвум была прысвоена навуковая ступень – доктар эканамічных навук.

Антон Іванавіч Калюцік нарадзіўся ў вёсцы Петрашулевічы. Казлоўшчынскую сярэднюю школу скончыў у 1955 годзе, адслужыў у войску, паступіў вучыцца ў Ленінградскі політэхнічны інстытут, выбраўшы спецыяльнасць “цеплафізіка”. Сфера яго прафесійных інтарэсаў была звязана з механікай вадкасці, газу і плазмы, цеплафізікай і цеплагідраўлікай. Акрамя таго, ён займаўся тэхнічнай дыягностыкай абсталявання атамных і цеплавых электрастанцый, з’яўляўся аўтарам больш за 70 навуковых работ. У 1990 годзе яму была прысвоена вучоная ступень доктара тэхнічных навук. Застаўся працаваць прафесарам кафедры “ Атамныя і цеплавыя энергетычныя ўстаноўкі” Ленінградскага політэхнічнага інстытута. Антон Калюцік уключаны ў даведнік “Хто ёсць хто?”, выдадзены на англійскай і рускай мовах. Пахаваны на Дзятлаўшчыне.

Аляксандр Міхайлавіч Карабанаў пасля заканчэння школы прысвяціў сябе біялогіі. Доктарскую дысертацыю “Біялагічныя асновы прымянення сапрапеляў ў жывёлагадоўлі” абараніў у 1993 годзе. Аляксандр Міхайлавіч з’яўляецца аўтарам лекавых сродкаў “Біясфер”, “Торфер”, “Плацэфер”. Апошнія гады ён загадваў кафедрай біялогіі ў Магілёўскім універсітэце. На жаль, заўчасная смерць у 2009 годзе не дазволіла рэалізаваць многія планы вучонага-біёлага.

Пётр Іванавіч Чыжык скончыў школу ў 1973 годзе. Дысертацыю “Духоўная бяспека як фактар бяспекі расійскай дзяржавы” на суісканне вучонай ступені – доктар філасофскіх навук –  абараніў у 2000 годзе. Пётр Іванавіч –  чалавек ваенны, палкоўнік запасу. Доўгі час быў начальнікам кафедры ў Ваенным універсітэце (Масква). У цяперашні час – прафесар кафедры філасофіі, гісторыі і культуралогіі Акадэміі грамадзянскай абароны МНС Расіі.

Аляксандр Іванавіч Бажкоў пасля заканчэння школы паступіў у Харкаўскі авіяцыйны інстытут і скончыў яго ў 1971 годзе. Займаўся лётнымі выпрабаваннямі авіяцыйнай тэхнікі ў Лётна-даследчым інстытуце імя М. Громава ў Расіі. Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэме ваеннай авіяцыі спыніў лётна-выпрабавальную дзейнасць. У цяперашні час працуе ў сферы грамадзянскай авіятэхнікі ў міждзяржаўным авіяцыйным камітэце краін СНД.

Няхай служэнне навуцы ў эканоміцы, тэхніцы, біялогіі, філасофіі выпускнікоў Казлоўшчынскай сярэдняй школы паслужыць натхняльным пачаткам для сучасных школьнікаў Дзятлаўскага раёна.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: