Да 215-годдзя з дня нараджэння Напалеона Орды

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Напалеон Орда і Дзятлаўшчына

Імя Напалеона Орды стала вядома шырокаму колу беларусаў, якім неабыякавая гісторыя роднага краю, у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады пачалі друкавацца матэрыялы пра мастака ў часопісах “Роднае слова”, “Спадчына”, у газеце “Літаратура і мастацтва”. І мы ўпершыню даведаліся (і я таксама), што жыў у 19 стагоддзі такі чалавек, сапраўдны патрыёт свайго краю, які падарожнічаў на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, гасцяваў у сваіх сяброў у палацах і маёнтках, маляваў акварэлі. Менавіта тыя яго акварэлі захавалі для нас выгляд Беларусі сярэдзіны 19 стагоддзя, шматлікія цэрквы, касцёлы, палацы, многіх з якіх няма ўжо на беларускай зямлі. Менавіта дзякуючы Напалеону Ордзе можам мы пераканацца, што зямлю нашу не проста так называлі краінай замкаў. Была яна такой на самой справе. Шмат што захавалася і рэстаўравана, многае чакае сваёй чаргі і матэрыяльных укладанняў, а нешта не адродзіцца ўвогуле. Што ж, і такое бывае. Час бязлітасны не толькі да людзей, але і да будынкаў. І ўсё ж такі, дзякуй вялікі мастаку за тое, што прыйшла яму некалі ў галаву такая ідэя – маляваць краявіды роднай зямлі разам з пабудовамі.

Гістарычная даведка

Напалеон Орда (польск.: Napoleon Mateusz Tadeusz Orda; 11 лютага 1807, в. Варацэвічы на Піншчыне — 26 красавіка 1883, Варшава, Царства Польскае, Расійская Імперыя) — беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.

Выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, замалёваныя Напалеонам Ордаю, былі выкарыстаны для афармлення беларускіх грашовых купюраў.

Работы Напалеона Орды з’яўляюцца адным з найважнейшых дасягненняў мастацтва 19 стагоддзя на нашых землях. Краявіды з-пад яго пэндзля грунтуюцца на традыцыі “жывапісных альбомаў”, што ўзніклі, у першую чаргу, па патрыятычнай прычыне. Яны працягваюць раннія выданні археалагічнага і навуковага характару, інвентарныя гравюры, а таксама ілюстрацыі, якія змяшчаліся ў тагачасных даведніках. Сёння ж многія работы мастака самі сталі ілюстрацыямі да шматлікіх выданняў, натхнілі сучасных мастакоў на напісанне работ, стварэнне копіў з Напалеона Орды ў розных тэхніках.

Тым больш ганарова, што вядомы мастак бываў і на Дзятлаўшчыне, гасцяваў у мясцовых магнатаў, маляваў. Да нас дайшлі два яго малюнкі, звязаныя з Дзятлаўшчынай – палац Радзівілаў і маёнтак Корсакаў у Страле.

Малюнак “Палац Радзівілаў” датуецца 1860-м годам. На ім можна ўбачыць будынак амаль у тым выглядзе, які быў пры апошніх уладальніках – Солтанах.

Палац уяўляў сабой двухпавярховы будынак прамавугольнай формы на высокім пастаменце, завершаны высокім шатровым дахам, з двух бакоў упрыгожаны дзвюма трох’яруснымі вежамі з шатровымі канцамі. Выглядаў, безумоўна, прыгожа і багата. А вакол – добраўпарадкаваная тэрыторыя парка, экзатычныя дрэвы, масткі. Ад усяго гэтага сёння не засталося і следу, адзін асірацелы будынак. І ўсё ж палац і малюнак Орды натхняе нашых землякоў на напісанне новых работ. Мікалай Несцярэўскі, Іван Козел, Анатоль Кардаш – кожны з мастакоў па-свойму бачыць і палац, і наваколле. Напрыклад, Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі намаляваў амаль што копію з Напалеона Орды, але ўжо на палатне і алеем. Гэта работа вісіць у мастацкай галерэі на першым паверсе нашага музея. Іван Козел стварыў не адну работу, прысвечаную палацу, адна з іх таксама знаходзіцца ў нашай галерэі. На ёй мы бачым сённяшні палац, але ў крыху прыхарошаным выглядзе. Не хацелася мастаку паказваць яго абшарпаным, паніклым – няхай лепш выглядае так, як мог бы выглядаць пасля рэстаўрацыі.

Асабіста мне вельмі падабаецца работа Івана Козела “Цёплы вечар каля палаца Радзівілаў у Дзятлаве”. Сапраўды, цёплая, нават пяшчотная палітра фарбаў надае рабоце нейкае адчуванне незямнога, фантастычнага свету, які некалі існаваў на планеце Зямля, у Зецеле, але назаўсёды знік у Сусвеце, схаваўся далёка за сузор’ямі і туманнасцямі. Ці вернецца?..

І яшчэ некалькі слоў пра малюнак “Маёнтак Корсакаў у Страле”. Яго можна знайсці ў інтэрнэце, ён напісаны ў манеры Напалеона Орды і падпісваецца як яго работа. Хутчэй за ўсё, гэта так і ёсць. Аднак ад таго маёнтка не засталося і следу. Шкада.

Да юбілейнай даты Напалеона Орды, якім ганарыцца народ Беларусі, будзе сказана шмат цёплых слоў, знята пазнавальных сюжэтаў, а нам, дзятлаўчанам, вельмі і вельмі прыемна, што гэты чалавек ступаў некалі і па нашай зямлі і яна радавала і натхняла яго.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga