Дзелавы панядзелак. Дэталі, якія не варта ўпускаць

Важнае Улада

Падчас штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама абмяркоўваліся пытанні выплаты заработнай платы, рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, нарыхтоўкі насення да вясновай пасяўной кампаніі, работы назіральных камісій, вакцынацыі.

Механізатар – ключавая фігура

Рамонт тэхнікі працягваецца ў гаспадарках Дзятлаўшчыны. Між тым, не трэба забываць і пра работнікаў.

– Сёння механізатар – ключавая фігура. Калі ён як сапраўдны гаспадар даглядае даручаную яму тэхніку, то вынік і на пасяўной, і на ўборачнай будзе, – адзначыў старшыня райвыканкама, звяртаючыся праз свайго першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейку да кіраўнікоў гаспадарак. – Стварайце ўмовы працы для сваіх спецыялістаў, як гэта робіць “АграМілк”. Паглядзіце: тыя, хто раней звольніўся, вярнуліся назад і працуюць тут з добрымі паказчыкамі. Толькі падыходзьце да гэтага пытання ўзважана, давярайце складаную тэхніку прафесіяналам, каб у руках “варвараў” яна не ператварылася ў груду металалому.

Што датычыцца іншых сельскагаспадарчых тэм, таксама гаварылі на нарадзе пра плануемыя пасяўныя плошчы (падрабязна газета раскажа пра гэта ў бліжэйшым нумары), набыццё кармоў, падрыхтоўку насення.

Што спісана з балансу, само не знікне

Мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і аб’екты, плануемыя пад знос, сталі яшчэ адной тэмай абмеркавання на нарадзе. Надаць увагу безгаспадарным струхлелым будынкам, часта спісаным з балансу, якія выкарыстоўваць нельга, даў заданне Андрэй Садоўскі

адказным службам. Такіх аб’ектаў на Дзятлаўшчыне, на жаль, шмат, таму і трэба вызначыцца з іх лёсам, а таксама, што з’явіцца пасля зносу на месцы былога “хламу” ці зямлю лепш уключыць у севазварот.

Нагода задумацца, што зрабілі не так

На жаль, паняцце “трагічнае здарэнне” не мае ўмоўнага ладу. Бяда можа адбыцца ў любы час сутак і з кожным. На мінулым тыдні Дзятлаўшчыну зноў ускалыхнула – начны пажар у вёсцы Студзераўшчына забраў жыцці двух чалавек, мужчыны і жанчыны 1955 і 1958 гадоў нараджэння. Папярэдняя прычына ўзгарання – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, аднак, як заўважыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, нельга ўсё “спісаць” на непатушаны акурак.

– Гэты дом і яго гаспадары былі ў полі зроку мясцовай улады, участковага інспектара і назіральнай камісіі. Прававую ацэнку дасць пракуратура, але і нам варта задумацца, што зрабілі не так, раз не змаглі папярэдзіць гібель людзей, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.

Старшыня райвыканкама даў даручэнне назіральнай камісіі прайсці яшчэ раз з абследаваннем па пытанні бяспечных умоў пражывання грамадзян усе домаўладанні раёна, якія падлягаюць кантролю.

Іншыя тэмы коратка

Вакцынацыя ад COVID-19, у тым ліку дзяцей, на Дзятлаўшчыне працягваецца. Захваральнасць на каранавірус зноў узрасла – за мінулы тыдзень у два разы. Па выкананні санітарных нормаў правераны 19 аб’ектаў, на 11 з іх выяўлены парушэнні.

****

Жыллёва-камунальнай гаспадарцы дадзена даручэнне трымаць на асаблівым кантролі работу кацельняў – людзі не павінны мерзнуць з тэмпературай у жылых пакоях, якая ледзь дасягае 15 градусаў. Такі выпадак зафіксаваны ў раёне на мінулым тыдні.

****

Завершаны работы па ачыстцы возера па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Вясной на тэрыторыі вакол возера і яго берагах будзе падсеяна трава – узноўлены “зялёны пояс”.

****

Зменлівасць – адметная рыса зімовага надвор’я. Яна можа адыграць фатальную ролю ў лёсе пешаходаў і вадзіцеляў, таму значную ўвагу надаць стану дарог паставіў задачу Андрэй Садоўскі адпаведным структурам.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: