Сяргей Малышчык: “Служба застанецца ў маім сэрцы назаўжды”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць усе ратаўнікі Беларусі.

Аднак нават тыя, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, не забываюць, як служылі і дапамагалі людзям. Аб станаўленні ў прафесіі, працоўных буднях і захапленнях у вольны час расказаў былы начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Малышчык.

– Сяргей Уладзіміравіч, з чаго пачыналася ваша прафесійная дзейнасць?

– Пасля заканчэння Львоўскага пажарна-тэхнічнага вучылішча праходзіць “курс маладога байца” мяне накіравалі ў Навагрудскі аддзел унутраных спраў інспектарам пажарнага дзяржаўнага нагляду. А з 1983 года я пачаў працаваць у Дзятлаве. І адразу начальнікам аддзялення пажарнага нагляду Дзятлаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Толькі ў 90-х гадах было ўтворана Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якое сёлета, дарэчы, адзначае сваё 20-годдзе.

На пачатку стварэння гэтага Міністэрства цяжкасцяў хапала, і нямала, як і заўсёды, калі пачынаеш новую справу. Цяпер наша служба павінна была не толькі тушыць пажары, але і дапамагаць пры іншых надзвычайных сітуацыях. Абсталяванне заставалася старое, а задачы і функцыі трэба было выконваць новыя. Неабходна было хутка ўсё мяняць: абсталяванне, тэхніку, распрацоўваць трывалую юрыдычную базу, набіралі новыя кадры – маладых хлопцаў, якіх прыходзілася многаму вучыць, тлумачыць. Мы працавалі днямі і начамі.

– Ці шмат вам дапамагалі?

– Заўжды знаходзілі разуменне з боку ўлады: райвыканкам выдзеліў грошы, і мы закупілі абсталяванне (напрыклад, так неабходныя пнеўманажніцы, пнеўмападушкі). Таксама быў адкрыты дабрачынны рахунак, на які паступалі сродкі ад прыватных прадпрымальнікаў, а на ўзроўні дзяржавы быў створаны падатак на ўтрыманне службы, які дзейнічаў год. Гэта было сур’ёзнай падтрымкай, нашаму раёну выдзелілі сродкі на стварэнне падраздзяленняў у Раготне, Падвялікім, Лапушна.

А яшчэ, безумоўна, вялікая падтрымка была ад усяго калектыву, я падабраў добрых памочнікаў, у якіх быў упэўнены на 100%. Напрыклад, успамінаецца пажар на Дварэцкім ільнозаводзе, калі мы трое сутак, у вадзе, на марозе, без сну і адпачынку, ратавалі 400 тон ільнотрасты. Але адстаялі, і ніхто адзін аднаго не кінуў, змагаліся да апошняга. У мяне быў такі закон: адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго. Калі мы калектыў, мы павінны быць разам.

– А цяпер, як думаеце, лягчэй працаваць?

– Я ўжо 13 гадоў на пенсіі, але, бачачы тую сітуацыю, якая ў цэлым у МНС складваецца, мне здаецца, гэтыя падраздзяленні сталі больш удасканаленыя. Гэта тычыцца абсталявання, абнаўлення аварыйна-выратавальнай тэхнікі, шмат увагі надаецца бяспецы людзей.

Але і мы ў свой час ганарыліся, што ў нас была лепшая інспекцыя дзяржаўнага пажарнага нагляду ў рэспубліцы, на базе якой рыхтавалі маладых спецыялістаў, ладзіліся рэспубліканскія семінары. Мы праводзілі прафілактычную работу ў дзіцячых садках, школах, стварылі аглядавыя камісіі, адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу ў раёне, пачалі арганізоўваць першыя паказы тэхнікі, рабілі фантаны на возеры на Кулалле, каб паказаць нашы магчымасці і здольнасці, удзельнічалі ў любых спартыўных спаборніцтвах. Мне хацелася, каб у раёне наша служба была не на апошнім месцы, каб людзі, якія служаць там, мелі аўтарытэт, іх паважалі. Шмат было зроблена, і гэта служба застанецца ў маім сэрцы назаўжды.

– Успамінаецца і цяпер?

– Канечне. Усё жыццё я аддаў гэтаму. Я і цяпер гатовы аказаць любую дапамогу, калі да мяне будуць звяртацца.

Заўжды гавару, што справа павінна быць любімай, тады, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, усё атрымаецца. Хоць сам я родам з Навагрудка, але Дзятлава палюбіў усёй душой, нікуды не хацеў ехаць адсюль, а прапановы былі. Мог бы стаць генералам, але лічу, што кар’ера – не галоўнае.

– Вы ўзначальваеце раённую арганізацыю ветэранаў-ратаўнікоў. Раскажыце пра дзейнасць у гэтым кірунку.

– 18 красавіка – Дзень ушанавання ветэранаў. На сёння ў нашай арганізацыі 23 чалавекі. Мы аказваем дапамогу ў падрыхтоўцы маладых спецыялістаў, супрацоўнікаў МНС, абменьваемся вопытам работы, выступаем у працоўных калектывах. Падтрымліваем ва ўсім адзін аднаго, віншуем на святы і дапамагаем у цяжкую хвіліну.

– На заслужаным адпачынку вы не сумуеце, у вас актыўная творчая дзейнасць. Часта даводзіцца выступаць?

– Увогуле, я з трох гадоў на сцэне, быў вядучым, удзельнічаў у конкурсах чытачоў. Цяпер з’яўляюся ўдзельнікам ансамбля цыганскай песні “Бахталачы”, спяваю ў хоры ветэранаў працы. Хоць гэта і няпроста, шмат часу займаюць рэпетыцыі, выступленні, але ніколі не адмаўляюся ад прапановаў выступіць. І гэта не дзеля таго, што я хачу сябе паказаць. Мне гэта падабаецца, можна сказаць – хобі. Актыўнае творчае жыццё. Лічу, што актыўнасць павінна быць заўжды ва ўсім. Не трэба заставацца сам-насам, адзінокім вельмі цяжка.

– Што б вы пажадалі з нагоды свята сваім былым калегам і цяперашнім работнікам МНС?

– Па-першае, здароўя. Гэта важна для ўсіх. Аптымізму. Не быць утрыманцам. Калі хочаш нешта дадаткова стварыць, для гэтага ёсць галава, розум, рукі, павінна быць жаданне. Тады гарантаваны поспех у любой справе. Ніколі не забываць пра сям’ю. Калі ў цябе ў сям’і парадак, то і на службе будзе ўсё цудоўна. А ветэранам – доўгіх гадоў жыцця.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ