Андрэй Садоўскі: “Акрэслены прыярытэты – мір, развіццё, адзінства, незалежнасць, клопат пра чалавека”

Важнае Улада

28 студзеня ў Палацы Рэспублікі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка са штогадовым Пасланнем звярнуўся да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Сярод удзельнікаў рэспубліканскага форуму былі прадстаўнікі Дзятлаўшчыны, дэлегацыю ўзначальваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Кіраўнік раёна падзяліўся сваімі ўражаннямі:

Зварот Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі да беларускага народа быў глыбокім, эмацыянальным, змястоўным. Было прыемна і цікава бачыць і чуць Прэзідэнта не з блакітнага экрана, а ўжывую, адчувалася, што ў зале пануе асаблівая энергетыка, прысутныя былі станоўча ўзрушаны, жыва рэагавалі на выказванні кіраўніка дзяржавы.

Як і паабяцаў на пачатку выступлення беларускі лідар, у сваёй прамове ён раскрыў палітычную пазіцыю нашай дзяржавы, даў прынцыповыя ацэнкі падзей і працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве і на сусветнай арэне, заклікаў беларусаў мабілізавацца для рэалізацыі важнейшых рашэнняў, якія дапамогуць нашай суверэннай краіне развівацца і ўпэўнена рухацца наперад.

Сярод “маналітных”, важнейшых каштоўнасцяў быў названы мір, думаю, з гэтым ніхто з нас не стане спрачацца. Я поўнасцю згодны і з пазіцыяй Прэзідэнта аб тым, што, каб зберагчы яго, усім нам неабходна прыкласці каласальныя намаганні, а менавіта – захаваць адзінства грамадства і дзяржавы, бо краіна здольна эфектыўна супрацьстаяць агрэсіі, толькі калі яна моцная духам і згуртаванасцю свайго народа. На жаль, рэаліямі нашых дзён сталі гібрыдныя войны, у час якіх “гарачаму” нападзенню папярэднічае “распальванне” грамадскага канфлікту, кібератакі, спробы паралізаваць сістэму дзяржаўнага кіравання, дэзарыентаваць людзей. Прэзідэнт падрабязна спыніўся на паліттэхналогіях, выкарыстаных супраць Беларусі ў 2020 годзе. Яны не спрацавалі таму, што нашым суайчыннікам было што губляць: мы не дапусцілі краху нацыянальнай эканомікі, якую выбудоўвалі на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў. Расказваючы пра гэта, асаблівы акцэнт лідар краіны зрабіў і на тым, што беларусы ведаюць, што дзяржава заўсёды іх абароніць, паабяцаў: “Так будзе і надалей, зробім усё, каб просты чалавек не адчуў на сабе негатыўных наступстваў знешняга ціску – гэта найважнейшая задача, якая пастаўлена перад Урадам”. Вельмі падрабязна Прэзідэнт спыніўся на стратэгіі сацыяльнага развіцця, выхаванні падрастаючага пакалення, захаванні здароўя нацыі, гістарычных і духоўных каштоўнасцяў.

Каб і надалей памнажаць напрацаванае, упэўнена рухацца наперад у складаных сусветных рэаліях, кіраўнік дзяржавы заклікаў да мабілізацыі, пошуку новых магчымасцяў, арыентацыі на экспарт і новыя тэхналогіі, яшчэ большага асваення азіяцкіх, афрыканскіх, паўднёваамерыканскіх, іншых рынкаў.

Парадавала, што пільная ўвага ў бліжэйшы час будзе нададзена развіццю рэгіёнаў, стварэнню ў іх якасных умоваў жыцця, замацаванню маладых спецыялістаў. У прыярытэце будзе і работа сельскай гаспадаркі, якая, па словах Аляксандра Рыгоравіча, “з’яўляецца шматфункцыянальнай сістэмай, якая забяспечвае не толькі харчовую бяспеку, але і асваенне тэрыторыі краіны, захаванне самабытнай сельскай культуры”. Увогуле ж кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі была, ёсць і будзе рыначная эканоміка з разумным удзелам дзяржавы ў тых сферах, дзе без яе не абысціся.

Закранаючы канстытуцыйную рэформу, беларускі лідар расказаў, што новая рэдакцыя Асноўнага Закона адказвае на глыбінныя запыты грамадства, таксама падкрэсліў, што за апошнія гады ў Беларусі з’явілася праслойка сапраўдных дзяржаўнікаў, патрыётаў, самастойных і прафесійных кіраўнікоў, гатовых узяць на сябе больш шырокія паўнамоцтвы, сфарміраваць эфектыўныя структуры кіравання, дзейнічаць, зыходзячы са спецыфікі кожнай галіны, кожнага рэгіёна.

На маю думку, сёння ўжо зразумела, што Беларусь ідзе сваім, асаблівым шляхам, стварае ўласную сацыяльна-палітычную мадэль, з улікам чаго Прэзідэнт заклікаў усіх нас жыць сваім розумам, будаваць будучыню на аснове народнага адзінства, быць ініцыятыўнымі, адказнымі, мабільнымі, хутка рэагаваць на зменлівыя ўмовы. Ён паабяцаў, што гэты палітычны год стане годам абнаўлення, пазітыўных пераўтварэнняў, напоўніць новым зместам беларускую мадэль развіцця, вызваліць рэзервы ва ўсіх сферах жыцця.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: