“100 ідэй для Беларусі”: што прапаноўвалі наватары?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

27 лістапада ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў занальны этап рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, ініцыятарам правядзення якога з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Удзельнікамі выставы-прэзентацыі ў Дзятлаве сталі самыя прагрэсіўныя і крэатыўныя маладыя людзі з Навагрудскага, Воранаўскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага раёнаў. На суд журы юныя даследчыкі і тэхнікі вынеслі інавацыйныя праекты, сем з якіх былі заяўлены ў намінацыі “Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера”, яшчэ адзін – у намінацыі “Энергазберажэнне”.

Вітаючы гасцей, першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Кацярына Хілімончык нагадала, што конкурс скіраваны на развіццё моладзевага вынаходніцтва і рацыяналізатарства. Ён спрыяе падтрымцы моладзевых інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак. Праект “100 ідэй для Беларусі” не губляе сваёй папулярнасці дзявяты год запар і служыць пляцоўкай для моладзевых ініцыятываў у розных сферах дзейнасці.

Галоўны спецыяліст аддзела праектнай дзейнасці Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Анастасія Цынгалева пажадала канкурсантам удачы. Яна падкрэсліла, што кожны з іх ужо пераможца, таму што змог увасобіць свае ідэі ў інавацыйны праект і сёння раскажа пра яго прысутным. Журы пастараецца выбраць самыя цікавыя праекты, распрацоўшчыкі якіх трапяць на абласны этап конкурсу.

 

Ірына СТЫРНІК