А тым часам у гаспадарках Дзятлаўшчыны…

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Калі вы думаеце, што праца ў аграрыяў кіпіць толькі ў перыяд пасяўной і ўборачнай кампаній, а зімой ім няма чым заняцца, дык гэта не так.

У халодную пару года таксама хапае розных спраў, бо наперадзе ў працаўнікоў поля насычаны сельскагаспадарчы сезон, да якога ім неабходна грунтоўна падрыхтавацца. Як расказаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі і вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Шых, зараз сельгаспрадпрыемствы раёна нарыхтоўваюць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, якія будуць уносіць у глебу бліжэй да вясны з надыходам спрыяльнага надвор’я. Працягваецца рамонт і абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі, у першую чаргу акцэнт робіцца на глебаапрацоўчай і пасяўной, адзінкі якой павінны “быць у страі” да першага лютага. Варта адзначыць, што ўжо цалкам ачышчана насенне яравых культур, на завяршальным этапе такая ж працэдура са шматгадовымі травамі. Ураджай другога хлеба, сабраны восенню, рэалізуецца юрыдычным асобам па ўсёй Беларусі, морква пастаўляецца па розных гарадах Гродзеншчыны, а яблыкі з садовых алей КСУП “Жукоўшчына” можна ўбачыць на прылаўках гандлёвых сетак і рынкаў горада Дзятлава. Прыемна, што ў 2021 годзе на ўмоўную галаву травяных кармоў удалося нарыхтаваць 35,3 адпаведных адзінак, а гэта на 11,7 больш, чым у 2020. Дзяржзаказ па пастаўках збожжа выкананы цалкам, цукровыя буракі дастаўлены ў спецыяльны камбінат у Скідзелі звыш плана на 7000 тон. Між тым ажыццяўляецца кадзіраванне пасяўных плошчаў для ўнясення аптымальнай колькасці ўгнаенняў і атрымання на дадзеных участках планавага ўраджаю. На будучы пасяўны сезон закупляюцца насенне цукровых буракоў, люцэрны, шматгадовых траў для закладкі шматкампанентных пашаў. Таксама ў гэтым годзе плануецца закупка сельскагаспадарчай тэхнікі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: