Вы патрэбныя дзецям і дарослым, якія трапілі ў бяду

Важнае Грамадства

У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай донарская кроў запатрабаваная як ніколі.

У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы за 2020 год было пераліта 119 літраў эрытрацытаў, за студзень-лістапад бягучага года – 102 літры. Адміністрацыя Слонімскага філіяла Гродзенскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі, які прадастаўляе кроў для пералівання ў нашу бальніцу, просіць дзятлаўчан аб удзеле ў донарстве.

Донарства бяспечна для чалавека, бо тэхналогіі нарыхтоўкі крыві і яе кампанентаў выключаюць магчымасць інфіцыравання. Працэдура карысна для здароўя самога донара. Адбываецца актывізацыя ўсіх функцый і сістэм арганізма, стымуляцыя імунітэту. Рэгулярная здача крыві падтрымлівае ўзровень халестэрыну на нізкім узроўні, тым самым зніжаючы рызыку развіцця сардэчна-сасудзістай паталогіі і падаўжае маладосць за кошт стымуляцыі крыватвору і самаабнаўлення арганізма.

Да донарства дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўзросце ад васямнаццаці да шасцідзесяці гадоў, дзеяздольныя, якія не пакутуюць захворваннямі і не маюць супрацьпаказанняў да здачы крыві.

Донару, які здае кроў на бязвыплатнай аснове, прадастаўляюцца гарантыі:

у дзень выканання донарскай функцыі ў працоўны час работнікі вызваляюцца ад работы з захаваннем за імі сярэдняга заробку за гэты дзень, а навучэнцы вызваляюцца ад заняткаў;

дадаткова донару прадастаўляецца адзін дзень адпачынку без захавання за ім сярэдняга заробку. Гэты дзень адпачынку можа быць далучаны да працоўнага водпуску донара або выкарыстаны ў іншы час;

атрыманне грашовай кампенсацыі кошту харчавання пасля здачы крыві і яе кампанентаў;

бясплатнае харчаванне перад здачай крыві і яе кампанентаў.

У далейшым здача крыві ажыццяўляецца (па жаданні донара) на платнай аснове. Кампенсацыя зараз складае 129 рублёў 60 капеек.

Пры звароце ў арганізацыю пералівання крыві ўпершыню пры сабе неабходна мець наступныя дакументы:

1. пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ці від на жыхарства;

2. ваенны білет або пасведчанне прызыўніка;

3. флюараграфію з адзнакай аб выніках абследавання (1 раз у год);

4. выпіску з медыцынскіх дакументаў аб перанесеных захворваннях і аперацыях з паліклінікі па месцы жыхарства або вучобы;

5. жанчынам – вынік агляду доктарам-гінеколагам.

Донара, які здаў кроў не менш за 20 разоў на бязвыплатнай аснове або 40 разоў на платнай аснове, узнагароджваюць нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь” і прадастаўляюць гарантыі, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь.

Важна!

Згодна з Законам РБ ад 08.01.2015 г. № 238-3 “Аб донарстве крыві і яе кампанентаў” працадаўцы абавязаны аказваць садзейнічанне ўстановам аховы здароўя ў прыцягненні работнікаў у рады донараў і бесперашкодна адпускаць іх для медаглядаў і выканання донарскіх функцый, забяспечваць донарам устаноўленыя законам ільготы.

На жаль, ніхто з нас не застрахаваны ад бед і няшчасцяў, таму прыйдзіце на дапамогу сабе і іншым – станьце донарам!

Па пытаннях донарства звяртайцеся на нумар 8 (01562) 4-79-63.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga