Донарства крыві: міфы і факты

Важнае Грамадства

Дзесьці на падсвядомым узроўні людзі ўспрымаюць донарства крыві як нешта небяспечнае.

Доктар-трансфузіёлаг Жанна Рэцько разабрала самыя папулярныя міфы аб донарстве і распавяла, чаму гэты працэс значна менш пужаючы, чым здаецца на першы погляд.

Міф: здаваць кроў балюча і доўга.

Факт: на самой справе, донар адчувае боль толькі ад уколу іголкі. Здаваць кроў з пальца больш балюча, чым з вены ‒ гэта звязана з мноствам нервовых канчаткаў на кончыках пальцаў. Акрамя таго, працэс данацыі займае не больш за гадзіну, уключаючы запаўненне дакументаў і здачу папярэдніх аналізаў.

Міф: у арганізме першапачаткова знаходзіцца пэўная колькасць крыві, а таму здаваць кроў шкодна для здароўя.

Факт: у донара забіраюць каля 350-450 мілілітраў крыві, у той час як у арганізме яе значна больш. Акрамя таго, пасля працэдуры цела згенерыруе новую кроў наўзамен аддадзенай. Працэс аднаўлення зойме ўсяго некалькі дзён і пройдзе незаўважна, калі вы будзеце выконваць рэкамендацыі доктара і досыць адпачываць.

Міф: падчас донарства можна заразіцца ВІЧ ці іншымі інфекцыямі, якія перадаюцца праз кроў.

Факт: стэрыльнасць ‒ ключавая частка донарства на кожным этапе. Так, паводле інструкцый, для кожнага пры здачы крыві выкарыстоўваецца стэрыльная іголка, якая выкідваецца адразу пасля выкарыстання. Акрамя таго, дактары карыстаюцца і іншымі стэрыльнымі расходнымі матэрыяламі, што значна зніжае верагоднасць заражэння.

Міф: пасля донарства крыві нельга займацца спортам.

Факт: здача крыві не ўплывае на фізічныя здольнасці чалавека. Вядома, астатнюю частку дня цяжкімі фізічнымі практыкаваннямі лепш не займацца, але ўжо на наступны дзень вы зможаце вярнуцца да звыклага тэмпу трэніровак.

Міф: нельга быць донарам падчас прыёму лекаў.

Факт: гэта залежыць ад тыпу лекаў, але, як правіла, не з’яўляецца абмежаваннем. Тым не менш, варта паведаміць медсястры або іншаму медыцынскаму персаналу аб прымаемых прэпаратах.

Міф: кроў прадстаўнікоў змешаных рас бескарысная.

Факт: раса не мае нічога агульнага з магчымасцю быць донарам крыві. Тып і група крыві ‒ вось што, сапраўды, важна.

Міф: медыкі могуць сінтэзаваць кроў штучным шляхам, калі спатрэбіцца.

Факт: немагчыма сінтэзаваць кроў штучным спосабам. Яе можна атрымаць толькі ад іншага чалавека. Вось чаму донарства ‒ гэта важна. Здаючы нязначную колькасць уласнай крыві, мы можам выратаваць жыццё іншых людзей. І, магчыма, аднойчы хтосьці гэтак жа ўратуе нас.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup