Канстанцін Вінцукевіч: “Без работы не сядзелася”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Невялікім марозікам, дробным сняжком, лёгкім пахам пячнога дыму сустракала артыстаў вёска Малыя Краглі.

Светлым снежаньскім днём сюды накіраваліся арганізатары праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, якія прадаўжаюць знаёміць нас з цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны.

Загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская, кіраўнік народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка, сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча прыехалі павіншаваць з 90-годдзем мясцовага доўгажыхара Канстанціна Вінцукевіча, таксама гасцей цікавілі сакрэты яго даўгалецця.

На падворку ў юбіляра, нягледзячы на “бадзёрае” надвор’е, ужо сабраліся блізкія: любімая жонка, дачка з мужам, унукі, праўнукі. Для шаноўнага імянінніка яны вынеслі зручную табурэтку. Асабліва ўрачыста ў гэтай вялікай кампаніі прагучалі словы віншаванняў, пажаданні даўгалецця, сямейнага шчасця, светлых дзён. Ядвіга Гушча перадала Канстанціну Фёдаравічу кветкі і падарунак ад раённага савета ветэранаў, а работніцы культуры падарылі музычную паштоўку з яго любімай песняй і шлягерамі мінулых гадоў.

Парадаваўшыся прыемнаму сюрпрызу, Канстанцін Вінцукевіч ахвотна ўзгадаў галоўныя падзеі свайго жыцця і паразважаў над тым, што надавала яму бадзёрасці, мацавала сілы і здароўе на працягу 90 гадоў.

Нарадзіўся Канстанцін Фёдаравіч тут, у Краглях, у сям’і мясцовых сялян, дзе разам з ім гадаваліся дзве сястры. Скончыў чатыры класы Краглянскай пачатковай школы, прадоўжыў навучанне ў Нагародавіцкай сямігодцы. Быў яшчэ хлапчуком, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Людзям у той час жылося няпроста, але Бог збярог сям’ю Вінцукевічаў – усе яны дажылі да Вялікай Перамогі. Бацьку ў войска не ўзялі, паколькі быў ён у гадах. У Краглі немцы наведваліся, але гарнізонам тут не стаялі, час ад часу бывалі ў гэтай мясцовасці партызаны.

Праз некаторы час пасля вайны Канстанціна Вінцукевіча прызвалі ў армію, дзе ён праслужыў без малога чатыры гады ў Цюменскай вобласці, горадзе Ішыме: скончыў школу сяржанскага саставу, быў наводчыкам гарматы.

Калі вярнуўся на Радзіму, тут актыўна ішла будоўля, таму над выбарам прафесіі доўга не думаў – падаўся ў будаўнікі. Спачатку ў ваколіцах вёскі пачалі ўзводзіць вапнавы завод, аднак чамусьці яго не пабудавалі. Затое работнікі МПМК, куды ўладкаваўся малады мужчына, былі запатрабаваны ў Дзятлаве, бо райцэнтр рос і адбудоўваўся.

Менавіта на адным з рабочых участкаў Канстанцін Вінцукевіч сустрэў сваю будучую жонку. Потым вадзіў яе на танцы ў дзятлаўскі парк, на ваенныя кінастужкі, якія тады “круцілі” кінааператары, увогуле іх маладосць выдалася цікавай і пакінула аб сабе самыя светлыя ўспаміны.

Калі стаў сямейным чалавекам, Канстанцін Фёдаравіч вырашыў перайсці ў калгас, каб быць бліжэй да дома. Скончыў аднагадовыя курсы механізатараў і доўгі час працаваў на палетках гаспадаркі. Агульны стаж нашага земляка складае больш за тры дзесяцігоддзі.

Разам з жонкай яны выгадавалі цудоўных дачок. Абедзве дзяўчыны скончылі медыцынскі каледж і працуюць па спецыяльнасці: старэйшая Людміла ў Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы, малодшая Таццяна – у санаторыі “Радон”. Дзядулю і бабулю радуюць чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў.

На пытанне пра асабістыя сакрэты даўгалецця юбіляр адказвае сціпла:

– Без работы мне не сядзелася. Пастаянна рухаўся, быў пераважна на свежым паветры. Ды і спадчыннасць у нашай сям’і добрая: да 86 гадоў дажыў мой бацька, яшчэ жыве стрыечная сястра, былі і іншыя доўгажыхары ў розных пакаленнях.

Дачка Таццяна таксама характарызуе бацьку як нястомнага работніка, расказвае, што раней ён быў выдатным мулярам, шмат дапамагаў людзям, затым, пакуль дазвалялі сілы, клапаціўся аб дамашняй гаспадарцы, ён і цяпер ходзіць на сваіх нагах, застаецца пры яснай памяці.

Маладому пакаленню Канстанцін Вінцукевіч зычыць моцнага здароўя, раіць, каб маладыя людзі жылі дружна і весела, каб клапаціліся адзін пра аднаго і з аптымізмам глядзелі ў будучыню.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: