Героі Савецкага Саюза на зямлі Дзятлаўскай

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Энцыклапедычная даведка

Герой Савецкага Сюза – ганаровае званне ў СССР у 1936-1991 гадах, найвышэйшая ступень адзнакі за асабістыя ці калектыўныя заслугі, звязаныя са здзяйсненнем гераічнага подзвігу. Зацверджана пастановай ЦВК СССР ад 16.04.1934 года. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена каля 12,7 тысячы чалавек, у тым ліку 486 беларусам і ўраджэнцам Беларусі, з іх 443 воінам Вялікай Айчыннай вайны. Гэтай узнагароды ўдастоены 88 удзельнікаў падполля і партызанскага руху на Беларусі.

Хутка бяжыць час, і ўжо каторы раз мы звяртаемся да памяці часоў Вялікай Айчыннай вайны. Падлічана, што толькі ў фашысцкай акупацыі знаходзілася 10 мільёнаў чалавек, якія пражывалі на тэрыторыі былога СССР. Кожную хвіліну на вайне гінула 13 чалавек, за гадзіну – 780, а за суткі – 19 тысяч. У доўгачаканую перамогу над фашысцкай Германіяй зрабілі свой унёсак партызаны і падпольшчыкі, салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі, простыя працаўнікі тылу. Дзятлаўская зямля помніць тых, хто аддаў самае дарагое — сваё жыццё за тое, каб над намі заўсёды было чыстае, мірнае неба. Сярод іх і тыя, хто быў удастоены высокага звання – Герой Савецкага Саюза.

Барыс Адамавіч Булат нарадзіўся 12 ліпеня 1912 года ў горадзе Туле ў сям’і рускага рабочага. Пасля заканчэння 8 класаў працаваў манцёрам, тэлеграфістам. У 1933 годзе ўступіў у рады Чырвонай Арміі. У 1936 годзе скончыў Аб’яднаную ваенную школу імя УЦВК(Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт – аўт.) РСФСР, а ў 1940 годзе – Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ. Накіраваны для праходжання службы ў Беларускую ваенную акругу. На пачатак вайны быў памочнікам начальніка аператыўнага аддзела 31-й танкавай дывізіі ў званні старшага лейтэнанта. На пяты дзень вайны быў цяжка паранены, страціў кісць правай рукі, узяты немцамі ў палон. Збег з палону і пачаў партызанскія дзеянні разам з іншымі чырвонаармейцамі, якія засталіся на акупіраванай тэрыторыі. У пачатку 1942 года быў створаны партызанскі атрад, які дзейнічаў у Ліпічанскай пушчы ў межах Мастоўскага, Шчучынскага і Дзятлаўскага раёнаў. Камандзірам яго стаў Барыс Булат.

За час вядзення партызанскай вайны з’яўляўся арганізатарам і ўдзельнікам разгрому шматлікіх нямецкіх гарнізонаў, сярод якіх Рудаяварскі, Жалудоцкі і ў мястэчку Дзярэчын. У снежні 1942 года Барыс Булат – начальнік штаба створанай Ленінскай партызанскай брыгады. Летам 1943 года прызначаны камандзірам брыгады, а ў канцы года адазваны ў Баранавіцкі абкам партыі. Накіраваны ў Налібоцкую пушчу, дзе з разрозненых партызанскіх атрадаў была створана брыгада “Уперад”. Атрымаў трэцяе раненне. 9 чэрвеня 1944 года выкліканы ў Маскву. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад

15 жніўня 1944 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў тыле ворага і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Барысу Адамавічу Булату прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны скончыў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, займаў розныя пасады ў савецкіх і гаспадарчых установах. Працаваў дырэктарам “Мотавелазавода” і 22 гады дырэктарам фабрыкі “Камунарка”. Памёр 27 сакавіка 1984 года і пахаваны ў горадзе Мінску. Яго імем названа вуліца ў горадзе Дзятлаве.

Фёдар Міхайлавіч Сінічкін – савецкі ваеннаслужачы, камандзір Ленінскай партызанскай брыгады і партызанскай брыгады імя С. М. Кірава, Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся 27 снежня 1901 года ў сяле Гаўрылаўка Самарскай вобласці ў сялянскай сям’і. З лета 1919 года служыў у Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у баях з войскамі Дзянікіна, Калчака, Юдзеніча, у падаўленні Кранштадскага мецяжу 1921 года. У 1928 годзе скончыў Ленінградскую пяхотную школу. Удзельнік савецка-фінскай вайны 1939-1940 гадоў. Пасля заканчэння вайны накіраваны на службу ў Беларускую ваенную акругу. 22 чэрвеня сустрэў у якасці камандзіра асобага аўтамабільнага падраздзялення ў званні капітана. Першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі адбыўся каля крэпасці Асавец. Адступленне, прарыў з акружэння і арганізацыя першага партызанскага атрада ў Налібоцкай пушчы – няпоўны пералік падзей звязаных з пачаткам партызанскай барацьбы ў тыле ворага.

У канцы 1942 года капітана Фёдар Сінічкіна вызвалі ў штаб партызанскага злучэння і загадалі з асобных партызанскіх атрадаў стварыць партызанскую брыгаду ў лясах Ліпічанскай пушчы. Вытрымка з першага загада :” У мэтах аб’яднання партызанскіх сіл для барацьбы з германскім фашызмам і сумеснай абароны з атрадаў Булата, Вяшохіна, Макарава, Аляксандрава, Шкрума ствараю брыгаду. Брыгадзе прысвоіць назву “Ленінская”. На ўзбраенні была танкетка, 4 пушкі, 28 кулямётаў, аўтаматы і вінтоўкі. Ваенныя дзеянні вяліся на акупіраванай тэрыторыі Мастоўскага, Слонімскага, Дзятлаўскага, Шчучынскага раёнаў.

У сакавіку 1943 года Фёдар Сінічкін атрымаў новы загад: прыступіць да фарміравання новай партызанскай брыгады на аснове трох атрадаў з “Ленінскай брыгады”. У кароткі час была створана брыгада імя С. Кірава. У ёй налічвалася каля 800 чалавек. За верасень – кастрычнік 1943 года партызаны пусцілі пад адхон 26 варожых эшалонаў, узарвалі больш за 20 шасейных і чыгуначных мастоў. Капітан Фёдар Сінічкін у канцы 1943 года вярнуўся да камандавання Ленінскай брыгадай. Але ў пачатку 1944 года зноў прыйшлося пакінуць родную партызанскую брыгаду па прычыне пераводу для работы ў Цэнтральны штаб партызанскага руху ў Маскву. 15 жніўня 1944 года Фёдару Міхайлавічу Сінічкіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1945 годзе капітан Фёдар Сінічкін звольніўся ў запас.

Пасля вайны ўсё жыццё партызана-героя было звязана з горадам Слонімам, дзе ён доўгі час працаваў старшынёй Слонімскага райвыканкама. Памёр 17 ліпеня 1962 года, пахаваны ў горадзе Слоніме.

Ян Янавіч Фогель (24 снежня 1898 года – 9 ліпеня 1944 года) – савецкі военачальнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза.

Нарадзіўся ў вёсцы Дурэ Вольмарскага павета Ліфляндскай губерніі. Латыш. Працаваў грузчыкам, рабочым на чыгунцы. Скончыў семінарыю, у 1914 годзе ўступіў у рады бальшавіцкай партыі і далучыўся да рэвалюцыйнай барацьбы пад партыйнай клічкай “Асміне”. Служыў у Расійскай імператарскай арміі ў саставе Латышскіх запасных палкоў. Актыўны ўдзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, супрацоўнік УНК (Усерасійская Надзвычайная Камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам пры СНК РСФСР – аўт.) і ад’ютант Ф. Дзяржынскага. Прымаў удзел у грамадзянскай вайне на Заходнім, Паўночным, Паўднёвым і Каўказскім франтах. Пасля працаваў у ЦК Кампартыі Латвіі.

Скончыў Ленінградскія ваенна-палітычныя курсы, а з жніўня 1931 года па лістапад 1933 года вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя М. Фрунзэ. Пэўны час служыў камісарам кавалерыйскіх дывізій на тэрыторыі Беларусі, дэлегат XIV-XV партыйных з’ездаў, член Гомельскага акруговага партыйнага камітэта. У лютым 1938 года камбрыг Ян Фогель арыштаваны органамі НКУС(Наркамата Унутраных спраў – аўт.) СССР, але ў маі 1941 года трыбунал Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі яго апраўдаў. Пачатак вайны сустрэў у запасе, працаваў начальнікам ваеннай кафедры Адэскага інстытута інжынераў воднага транспарту, які быў эвакуіраваны ў Растоў-на-Доне. Затым праца ў Прыволжскай ваеннай акрузе і Самаркандзе. 13 ліпеня 1943 года загадам Галоўнага ўпраўлення наркамата абароны прызначаны начальнікам штаба 80-а стралковага корпуса. Да сярэдзіны кастрычніка ў саставе 3-й арміі Бранскага фронту на пасадзе намесніка камандзіра 41 стралковага корпуса. З 16 лістапада – выконваючы абавязкі камандзіра 120-й стралковай чырванасцяжнай дывізіі 3-й арміі Беларускага фронту. Дывізія паспяхова правяла Гомельска-Рэчыцкую наступальную аперацыю і ўтрымлівала плацдарм на рацэ Днепр да 2 снежня. 15 лютага 1944 года ў выніку Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі быў вызвалены горад Рагачоў. У гонар гэтай перамогі дывізія атрымала званне “Рагачоўская”. Ян Фогель быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза і ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Дывізія ўдзельнічала ў Бабруйскай і Мінскай наступальных аперацыях у саставе 2-а Беларускага фронту. З 24 чэрвеня да 8 ліпеня дывізія з баямі прайшла баявы шлях ад ракі Друць да Навагрудка. Вызвалена звыш 250 населеных пунктаў, узята ў палон больш 2800 гітлераўцаў. 8 ліпеня 1944 года генерал-маёр Ян Фогель на захадзе ад горада Ваўкавыска быў смяротна паранены і памёр у шпіталі 9 ліпеня.

Пахаваны ў гарадскім парку горада Дзятлава. 10 красавіка 1945 года генерал-маёру Яну Янавічу Фогелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Адна з вуліц горада Дзятлава носіць яго імя.

Павел Гаўрылавіч Пятроў (30.08.1906 года – 27.08.1944 года) нарадзіўся ў вёсцы Мальцава Томскай губерні (цяпер Юргінскі раён Кемераўскай вобласці) у сям’і селяніна. Пасля вызвалення губерніі ад войск Калчака ўступіў у камсамол. Працаваў у ваенкамаце горада Кузнец-Сібірскі, затым дзяжурным камендантам аддзела ГПУ (Галоўнае палітычнае ўпраўленне –аўт), камсамольскім інструктарам. У 1924 годзе закончыў курсы партыйна-савецкіх арганізатараў у Томскай савецкай партыйнай школе. Уступіў дабравольцам у Чырвоную Армію, а ў 1927 годзе ўжо скончыў Омскую пяхотную школу імя М. Фрунзэ. Прайшоў шлях службы ад камандзіра роты да камандзіра батальёна 356-а пяхотнага палка. За правядзенне сакрэтнай ваеннай камандзіроўкі ў сакавіку 1938 года ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. З кастрычніка 1938 года – камандзір 6-а стралковага палка 1-й Маскоўскай пралетарскай дывізіі.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года. У складзе 20-й арміі Заходняга фронту полк пад камандаваннем Паўла Пятрова адзначыўся пры абарончых баях каля гарадоў Барысаў, Талочын, Орша. Пасля выхаду з акружэння пад Оршай, з кастрычніка 1941 года служыў на курсах паветрана-дэсантных войск у Саратаве. У лістападзе 1942 года ў складзе 10-га гвардзейскага стралковага корпуса змагаўся ў бітве за Каўказ. Камандаваў 7-й і 10-й стралковымі дывізіямі. За правядзенне Краснадарскай аперацыі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Быў накіраваны на курсы ўдасканалення начальніцкага саставу РСЧА (Рабоча-сялянская Чырвоная Армія – аўт.). Затым камандаваў 44-й гвардзейскай стралковай дывізіяй 65-й арміі 1-а Беларускага фронту. 13 ліпеня 1944 года быў дапушчаны да выканання абавязкаў намесніка камандзіра 120-й гвардзейскай дывізіі 3-й арміі 2-а Беларускага фронту. Палкоўнік Павел Пятроў вельмі вызначыўся пры правядзенні Беластоцкай аперацыі ў выніку якой 27 ліпеня быў вызвалены горад Беласток.

30 ліпеня 1944 года з перадавымі войскамі дывізіі Павел Пятроў выйшаў да берага ракі Нараў. У гэты ж дзень каля населенага пункта Канавалы ён быў цяжка паранены ў бядро асколкам снарада. З франтавога шпіталю быў эвакуіраваны ў шпіталь пасёлка Наваельня. Дактары змагаліся за жыццё Паўла Пятрова, правялі некалькі аперацый, ампутавалі нагу. Аднак 27 жніўня 1944 года ён памёр ад ран. Па яго прадсмяротнай просьбе, ён пахаваны ў брацкай магіле побач са сваім былым камандзірам 120-й гвардзейскай дывізіі Янам Фогелем у горадзе Дзятлаве. Яго імя носіць адна з вуліц нашага горада.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 красавіка1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі палкоўніку Паўлу Гаўрылавічу Пятрову пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Іван Міхайлавіч Сухамлін (24 чэрвеня 1923 года – 29 студзеня 2002 года) – камандзір танкавай роты 17-й гвардзейскай танкавай брыгады (1-ы гвардзейскі Данскі танкавы корпус, 65-я армія, 1-ы Беларускі фронт). Генерал-маёр. Нарадзіўся ў вёсцы Васіленкава (цяпер Шаўчэнкаўскі раён Харкаўскай вобласці).

У Чырвонай Арміі з чэрвеня 1941 года. Пасля вучобы на радыётэхнічных курсах быў накіраваны ў Камышынскае танкавае вучылішча. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны са студзеня 1943 года. Ваяваў на Бранскім і Цэнтральным франтах, на Курскай дузе, удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Асабліва адзначыўся 8 ліпеня 1944 года на Слонімскім напрамку ў баі пры вызваленні гарадскога пасёлка Казлоўшчына. Знішчыў 2 самаходныя пушкі, мінамётную батарэю, каля 30 салдат і афіцэраў ворага. У кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён” можна прачытаць кароткі расказ пра яго дзеянні пад назвай “Два дні вайны танкіста Героя Савецкага Саюза Івана Сухамліна”. Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі “Залатая Зорка” гвардыі лейтэнанту Івану Міхайлавічу Сухамліну прысвоена 22 жніўня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Пасля вайны пэўны час служыў на розных пасадах ва Узброеных Сілах СССР. Скончыў Ваенную акадэмію. У 1963 годзе атрымаў вучоную ступень кандыдата ваенных навук і быў пакінуты ў акадэміі выкладчыкам. З 1965 па 1967 год знаходзіўся на Кубе. З 1985 года генерал-маёр Сухамлін у запасе. Жыў у Маскве. Памёр 29 студзеня 2002 года.

Раіса Ермалаеўна Аронава (10лютага 1920 года – 20 снежня 1982 года) – удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, ваенная лётчыца, Герой Савецкага Саюза, кавалер 6-і баявых ордэнаў, літаратар і грамадскі дзеяч – нарадзілася ў горадзе Саратаве ў сям’і чыгуначніка. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1939 годзе запісалася ў аэраклуб і скончыла 2 курсы Саратаўскага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. З 1940 года – студэнтка Маскоўскага авіяцыйнага інстытута, а з кастрычніка 1941 года – у Чырвонай Арміі. У 1942 годзе скончыла Энгельскую ваенную авіяцыйную школу пілотаў і была накіравана ў дзеючую армію. Ваявала на Паўночным Каўказе, у Крыме, у Беларусіі, Польшчы, Германіі. У час баёў за вызваленне Дзятлаўшчыны ў складзе 46-а гвардзейскага Таманскага начнога бамбардзіровачнага полка рабіла баявыя вылеты з аэрадрома, які базіраваўся каля пасёлка Наваельня. Гэты полк з гумарам называлі “Дунькін полк” таму, што ён быў жаночым, а камандавала ім Еўдакія Бяршанская. У 1943 годзе полк быў удастоены звання “Гвардзейскага” і быў перайменаваны ў 46-ы гвардзейскі Таманскі начны бамбардзіровачны полк. Немцы празвалі жанчын-лётчыц “начнымі ведзьмамі”, а некаторыя называлі іх “начны фельдфебель” з-за таго, што яны не давалі магчымасці немцам адпачыць ноччу. Было для іх і прозвішча “Жалезны Густаў” па прычыне, што іх цяжка было збіць зеніткамі. Да сярэдзіны сакавіка 1945 года старшы лётчык 46-а Таманскага чырванасцяжнага гвардзейскага палка Раіса Аронава здзейсніла 914 баявых вылетаў, а за ўвесь перыяд удзелу ў вайне – 960.

16 мая 1946 года за мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Раісе Аронавай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Да выхаду ў запас у 1961 годзе гвардыі маёр Раіса Аронава служыла ў паветраных войсках Расіі. Скончыла Ваенны інстытут замежных моў. Актыўна займалася грамадскай і літаратурнай дзейнасцю. Аб дзейнасці жаночага палка вельмі добра расказвае кніга Раісы Аронавай “Начныя ведзьмы” і матэрыялы з кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён” пад назвамі “Атакі з неба” і “Аэрадром у Наваельні”. Кніга “Начныя ведзьмы” з даравальным надпісам аўтара ад 8 сакавіка 1970 года знаходзіццца ў экспазіцыі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. У красавіку 1970 года Раіса Аронава разам са сваёй аднапалчанкай Руфінай Гашавай наведала Дзятлаўшчыну.

Герой Савецкага Саюза Раіса Ермалаеўна Аронава памерла 20 снежня 1982 года і пахавана ў Маскве на Кунцавіцкіх могілках.

Руфіна Сяргееўна Гашава (14 кастрычніка 1921 года – 1 мая 2012 года) нарадзілася ў сяле Верхнечусаўскія Гарадкі (цяпер гарадскі пасёлак Чусаўскага раёна Пермскага краю) у сям’і настаўніка. Затым быў пераезд у Горкаўскую вобласць, а пасля смерці бацькі ў 1923 годзе сям’я пераехала на Урал. У 1930 годзе сям’я жыла ў Маскве, дзе Руфіна вучылася ў сярэдняй школе і ў школе снайпераў.

У 1941 годзе скончыла 2 курсы механіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У кастрычніку 1941 года добра-ахвотна была залічана ў полк начных бамбардзіроўшчыкаў. У 1942 годзе Руфіна Гашава скончыла курсы штурманаў пры Энгельскай ваеннай авіяцыйнай школе пілотаў. Служыла ў якасці штурмана самалёта, а затым штурмана эскадрыллі. Як і Раіса Аронава, удзельнічала ў вызваленні Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, наносячы ўдары па ворагу з аэрадрома каля пасёлка Наваельня. Да снежня 1944 года Руфіна Гашава ў складзе 46-а гвардзейскага Таманскага начнога бамбардзіровачнага полка здзейсніла 823 вылеты, нанёсшы ворагу вялікія страты ў тэхніцы і жывой сіле. Двойчы была збіта варожымі зеніткамі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 лютага 1945 года гвардыі старшаму лейтэнанту Руфіне Сяргееўне Гашавай “за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм” было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Руфіна Гашава выйшла замуж за былога штурмана звяна 889-а начнога бамбардзіровачнага палка палкоўніка Міхаіла Пляца і засталася жыць у горадзе Маскве. У 1952 годзе яна скончыла Ваенны інстытут замежных моў і праца-вала старшым выкладчыкам англійскай мовы ў Ваеннай акадэміі бранятанкавых войск. У запасе з 1956 года ў званні маёра. Пасля выхаду ў запас працавала старшым кантрольным рэдактарам у выдавецтве Міністэрства абароны СССР. Разам з аднапалчанкай Раісай Аронавай гвардыі

падпалкоўнік Руфіна Гашава наведала Дзятлава і пасёлак Наваельня. Яны выязджалі на месца былога ваеннага аэрадрома каля Наваельні ў красавіку 1970 года. Актыўна займалася патрыятычным выхаваннем. Памерла 1 мая 2012 года.

Іван Сямёнавіч Фурсенка (1918 год – 29 ліпеня 1944 года) у час Вялікай Айчыннай вайны – камандзір гарматы 2012-а зенітнага артылерыйскага палка 49-й артылерыйскай дывізіі 49-й арміі 2-а Беларускага фронту, старшы сяржант.

Нарадзіўся ў 1918 годзе ў сяле Дняпроўка (цяпер Каменска-Дняпроўскі раён Запарожскай вобласці Украіны) у сялянскай сям’і. Скончыў 10 класаў. У Чырвоную Армію быў прызваны ў 1939 годзе.

У баях на франтах Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года. Камандзір гарматы 2012-а зенітна-артылерыйскага палка старшы сяржант Іван Фурсенка найбольш вызначыўся ў час правядзення Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. 23 ліпеня 1944 года ў баі ў раёне вёскі Падліпкі Сакалоўскага раёна Беластоцкай вобласці (цяпер Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці) разлік зенітнай гарматы, якім камандаваў Іван Фурсенка, сем гадзін стрымліваў націск нямецкіх войск. Было знішчана чатыры танкі. У час бою камандзір Іван Фурсенка быў цяжка паранены, але працягваў весці бой і падбіў яшчэ адзін танк. Затым разам з байцамі свайго разліку з асабістай зброі знішчыў каля двух дзясяткаў гітлераўцаў. За час вайны разлік зенітнай гарматы старшага сяржанта Івана Фурсенкі збіў 14 самалётаў ворага.

Пасля бою быў накіраваны хірургічны паходна-палявы шпіталь палявога эвакуацыйнага пункта № 40. За мужнасць і праяўлены гераізм у барацьбе з ворагам быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Ужо да гэтага часу Іван Фурсенка быў узнагароджаны ордэнам Леніна і Айчыннай вайны 1-й ступені. Але аб прысваенні звання Героя ён не даведаўся. 29 ліпеня 1944 года Іван Сямёнавіч Фурсенка памёр ад ран у шпіталі пасёлка Наваельня. Пахаваны 1 жніўня 1944 года разам з іншымі ваеннаслужачымі ў парку каля санаторыя “Наваельня”.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм Івану Фурсенку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Адна з вуліц гарадскога пасёлка Наваельня названа імем Героя.

Адам Браніслававіч Ляшчынскі (24 снежня 1920 года – 8 верасня 2006 года) – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір батарэі самаходных установак СУ-122 1450-а самаходна-артылерыйскага палка 10-а Дняпроўскага танкавага корпуса 40-й арміі Варонежскага, а затым 1-а Украінскага фронту. Ён нарадзіўся 24 снежня 1920 года ў вёсцы Якубовічы (цяпер Копыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Закончыў 7 класаў, а затым курсы

трактарыстаў. Працаваў у Копыльскай МТС. У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію і служыў у танкавых войсках.

У Вялікай Айчыннай вайне з ліпеня 1941 года. Механікам-вадзіцелем танка Т-26 5-й танкавай брыгады 33-й арміі прымаў удзел у абарончых баях на тэрыторыі Віцебскай вобласці, у Смаленскай бітве і бітве пад Масквой. Скончыў паскораныя курсы Чкалаўскага ваеннага вучылішча, а ў 1943 годзе – артылерыйскае вучылішча. Ваяваў камандзірам батарэі самаходных установак СУ-122 1450-а самаходна-артылерыйскага палка 10-а Дняпроўскага танкавага корпуса 40-й арміі Варонежскага, а затым 1-а Украінскага франтоў. Удзельнічаў у Курскай бітве, вызваленні Левабярэжнай Украіны, бітве за Днепр. 23 кастрычніка 1943 года, пераадолеўшы абарону нямецка-фашысцкіх войск каля сяла Ходараў (цяпер Міронаўскі раён Кіеўскай вобласці), першым уварваўся ў траншэі ворага на правым беразе Дняпра. Гусеніцамі танка знішчыў вялікую колькасць пяхоты ворага. Пасля таго, як самаходная гармата СУ-122 была падбіта, Адам Ляшчынскі быў паранены, але працягваў бой гранатамі і кулямётным агнём. Батарэя Адама Ляшчынскага ў гэты дзень знішчыла 2 танкі, 2 гарматы, 4 кулямёты, каля роты пяхоты разбурыла 6 ДЗОТаў. 10 студзеня 1944 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР сваім указам за адвагу і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра, прысвоіў лейтэнанту Адаму Браніслававічу Ляшчынскаму званне Героя Савецкага Саюза.

У 1946 годзе Адам Ляшчынскі скончыў Вышэйшую афіцэрскую танкавую школу, а ў 1948 годзе ў званні маёра выйшаў у запас. З 1949 па 1955 год узначальваў Дзятлаўскую МТС, якая размяшчалася ў вёсцы Міроўшчына. Вытрымка з загада: “Приказ № 11 по Дятловской МТС от 1 декабря 1949 года.

Руководствуясь приказом № 516 по обл. управлению сельского хозяйства считаю себя приступившим к исполнению обязанностей Директора Дятловской МТС.

Приказываю: Всему личному составу Дятловской МТС выполнять все мои приказы и указания как Директора Дятловской МТС.

Директор МТС (подпись) / Лещинский/”

У 1957 годзе Адам Ляшчынскі скончыў Варонежскі сельскагаспадарчы інстытут і пачаў працу ў сістэме прадпрыемстваў “Сельгастэхніка”. Таксама займаў службовыя пасады ў Зэльвенскім і Гродзенскім раёнах. Пэўны час працаваў старшым інжынерам па тэхніцы бяспекі і дырэктарам турбазы “Нёман”. З 1980 года на пенсіі. Памёр 8 верасня 2006 года. Яго імя занесена у Кнігу Славы Гродзенскай вобласці і Дзятлаўскага раёна.

Рыгор Іванавіч Тарасаў (6 студзеня 1905 года – 8 лютага 1973 года) – корпусны інжынер 9-а гвардзейскага Брэсцкага стралковага корпуса 61-й арміі 1-а Беларускага фронту, гвардыі палкоўнік. Герой Савецкага Саюза.

Нарадзіўся ў вёсцы Традуб’е Цвярской вобласці. У 1924 годзе скончыў сярэднюю школу і разам з сям’ёй пераехаў у горад Калінін. У 1929 годзе пасля заканчэння механіка-будаўнічага тэхнікума быў накіраваны на працу ў

горад Іванава-Вазнясенск. У 1930 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў на востраве Сахалін і ў горадзе Іркуцку. Пасля дэмабілізацыі працаваў на будаўніцтве Маскоўскага метро. Ваеннага тэхніка 2-а рангу ў 1933 годзе зноў прызываюць у армію. Працаваў на будаўніцтве горада Камсамольск-на-Амуры ў якасці прараба і начальніка будаўнічых майстэрняў. З 1937 – па сакавік 1941 года – вучоба ў Ваенна-інжынернай акадэміі імя В. Куйбышава. Накіраваны на будаўніцтва абарончых аб’ектаў у Чарнавіцкую вобласць Украіны, дзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Кіраваў абарончымі работамі каля гарадоў Чарнаўцы, Вінніца, Умань. У саставе 356-й стралковай дывізіі камандаваў 483-м сапёрным батальёнам, удзельнічаў у баях на Заходнім фронце. У лістападзе 1942 года – корпусны інжынер 9-а стралковага корпуса. У гэтым корпусе ўдзельнічаў у бітвах з ворагам на Заходнім, Цэнтральным, Бранскім, 3-м і 2-м Беларускім і 3-м Прыбалтыйскім франтах. Пад яго кіраўніцтвам адбылося фарсіраванне рэк Акі, Дняпра, Дзясны каля горада Чарнігава. Кіраваў інжынернымі войскамі пры фарсіраванні пінскіх балот і ракі Прыпяць, вызваленні Пінска і Брэста. Затым баявы шлях пралёг праз Латвію, Польшчу. Асабліва вызначыўся пры фарсіраванні ракі Одэр у раёне горада Цедэн (Германія). Разам з войскамі дывізіі штурмаваў Берлін. Вайну закончыў на рацэ Эльбе, дзе наладзіў пераправу для сустрэчы амерыканскіх войск. 31 мая 1945 года гвардыі палкоўніку Рыгору Іванавічу Тарасаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза

Пасля вайны працягваў службу ва Узброеных Сілах СССР. Быў начальнікам аддзела баявой падрыхтоўкі Беларускай ваеннай акругі. Скончыў курсы Ваенна-дыпламатычнай акадэміі. З 2 ліпеня 1951 года прызначаны ваенным камісарам Дзятлаўскага раённага камісарыята. На працягу службы ў раёне давялося актыўна змагацца з бандамі, якія дзейнічалі ў раёне. 26 студзеня 1953 года Рыгор Тарасаў пераведзены ваенным камісарам у Дзяржынскі раён, а ў 1954 годзе вярнуўся ў Маскву, дзе прадоўжыў службу старшым выкладчыкам Ваенна-інжынернай акадэміі. Палкоўнік Тарасаў з 1960 года – у адстаўцы. Памёр 8 лютага 1973 года.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: