Віншаванні для тых, хто скарачае адлегласці

Важнае Грамадства

9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Дзятлаўскага ўчастка паштовай сувязі Лідскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” прымалі віншаванні ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

– Ваша служба патрэбная і важная, паштальёнаў людзі заўсёды чакаюць, вы прыносіце ў дамы і кватэры дзятлаўчан добрыя весткі, перыядычныя выданні, карэспандэнцыю, пенсіі, тавары, а значыць, дорыце землякам радасць і добры настрой. Я ўпэўнены, што і праз дзесяцігоддзі паслугі пошты будуць не менш запатрабаванымі ў насельніцтва. Жадаю вам моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, поспехаў у рабоце і ўдзячных кліентаў, – павіншаваў прысутных Аляксандр Станіслававіч.

Начальнік Дзятлаўскага ўчастка паштовай сувязі Наталля Цітова падзякавала калектыву за плённую і выніковую працу, бо па паказчыках за 9 месяцаў 2021 года было выканана і перавыканана планавае заданне – выручка склала 103 %.

Наталля Мікалаеўна зачытала калектыву віншавальныя адрасы ад Міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, дырэктара Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Андрэя Анісімава, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Ліліі Грыцкевіч, ад нашай зямлячкі і кліенткі Ліліі Кучынскай, якая на працягу многіх гадоў не забывае віншаваць паштавікоў раёна з прафесійным святам.

Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны кветкі і заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта адзначана начальнік Дзятлаўскага ўчастка паштовай сувязі Наталля Цітова. Прымаючы віншаванні, Наталля Мікалаеўна зазначыла, што Ганаровая грамата аблвыканкама – паказчык поспеху ў рабоце ўсяго калектыву раённага ўчастка, бо будні паштавікоў – гэта штодзённая, карпатлівая праца, без выхадных і святаў, з дажджом, сонцам, са снегам, таму асабліва прыемна, калі яна дае плён.

За поспехі ў рабоце і асабісты ўклад у паслугі паштовай сувязі Ганаровымі граматамі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” адзначаны спецыяліст па паштовай дзейнасці ППС Сачыўляны Зоя Сіняк і начальнік аддзела сувязі аддзялення паштовай сувязі Вензавец Наталля Сіняк.

Падзячныя лісты Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта атрымалі інструктар-інспектар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях штату Святлана Жых і слесар па рамонце аўтамабіляў участка механізацыі і транспарту Іван Касцюшка.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga