У скверы будзе чыста! Працоўныя калектывы выйшлі на ўборку

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З раніцы 29 кастрычніка ў гарадскім скверы па вуліцы Слонімскай райцэнтра шматлюдна.

“Узброіўшыся” граблямі і добрым настроем, тут сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў установаў адукацыі і культуры, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Дзятлаўчане ўключыліся ў восеньскія мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі, якія сёлета праходзяць пад сімвалам Года народнага адзінства.

Фронт работ прысутным акрэсліў намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Васіль Мудры: у скверы трэба падграбці лісце, сабраць галіны і смецце.

І вось ужо шамаціць пад граблямі апалая лістота, якую руплівыя ўдзельнікі “ўборкі на свежым паветры” зграбаюць у “залатыя” купіны і загружаюць на прычэп трактара РУП ЖКГ, туды ж кідаюць галіны і іншае смецце.

Аб’ём работ даволі вялікі, аднак днём раней значны надзел тут ужо выграблі работнікі Дзятлаўскага лясгаса, прыйшлі яны дапамагчы і на гэты раз.

У другой палове дня працоўную вахту перанялі таксама кіраўнікі і спецыялісты аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, работнікі электрасетак, раённага камітэта ГА “БРСМ”, рэдакцыі газеты “Перамога”, далучылася тэхніка камунгаса, РЭСа, лясгаса, ДРБУ, зазвінелі бензапілы і трымеры. У ліку “задач” па ўборцы было і выдаленне сухіх галін, маладых параснікаў, кустоўя.

– Мы прымаем удзел у раённым суботніку, – расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова. – З раніцы ў скверы ўжо папрацавалі арганізацыі і прадпрыемствы, актыўны ўдзел прынялі работнікі ўстановаў культуры, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, камунгаса. У пасляабедзенны час зноў задзейнічаны каля 50 чалавек. Падобныя мерапрыемствы важныя для падтрымання чысціні як на тэрыторыі горада, так і раёна ў цэлым.

Людзі працуюць зладжана, адзін за адным са сквера выязджаюць трактары з прычэпамі, поўнымі галінаў і лісця. “Апошняе золата” сёлетняй восені на тэхніку заўзята грузяць мужчыны.

З бензапілой у руках працуе электраманцёр РЭС Уладзімір Макарчык.

– Настрой цудоўны, – зазначае ён у час невялікага перапынку. – Мы робім горад больш прыгожым: я пілую старыя галіны, калегі па рабоце грабуць лісце. Працоўны дэсант нашай арганізацыі – гэта 9 чалавек і дзве адзінкі тэхнікі. У будні мне амаль штодзень даводзіцца брацца за бензапілу, аднак сёння асабліва прыемна прыняць удзел у такім маштабным мерапрыемстве.

– Апошнія дні кастрычніка выдаліся цёплымі і сонечнымі, – дзеліцца ўражаннямі ад суботніка галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская. – Мы працуем з задавальненнем. Прыемна, што, дзякуючы агульным намаганням арганізацый, сквер стане чыстым і будзе дарыць добры настрой дзятлаўчанам. Асабліва радуе, што побач са мной на свежым паветры працуюць мае калегі. Гэта цудоўная разрадка для ўсіх нас напрыканцы рабочага тыдня.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: