Простыя мары – жыць і працаваць на зямлі

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Андрэй Клюкач працуе ў сельскай гаспадарцы ўжо пятнаццаць гадоў.

Ён з дзяцінства бачыў, як спраўна водзяць трактар яго дзядуля і дзядзька, – гэта быў сапраўдны цуд для яго, тады яшчэ дзіцяці. Так з цягам часу ажыццявілася яго мара. Сёння ён механізатар у КСУП “Хвінявічы”.

На працу ў сельскую гаспадарку прыйшоў адразу, як скончыў 9 класаў Зэльвенскай школы. Пасля атрымаў вадзіцельскія катэгорыі. Аднак наперадзе яшчэ была служба ў войску. Вярнуўся з яе ў 2006 годзе і ў хуткім часе знайшоў сваю спадарожніцу жыцця. Праз пару гадоў маладая сям’я разам з першынцам пераехала ў Дзятлаўскі раён. Вось ужо 9 гадоў як Андрэй Клюкач працуе механізатарам у КСУП “Хвінявічы”.

Ён з задавальненнем працуе як на трактары, так і на камбайне. Як механізатар, Андрэй Мікалаевіч задзейнічаны ў працы круглы год. У яго абавязкі зараз уваходзіць уборка травы і транспарціроўка ўгнаенняў.

Пасля працоўнага дня Андрэй Мікалаевіч вяртаецца да сям’і. Тут у яго абавязкаў не менш, чым у полі. Звычайна людзі аддаюць вольны час сваім захапленням. Але дома шматдзетнага бацьку чакаюць чатыры дачкі і трохгадовы сын.  Акрамя таго, застаюцца яшчэ і бытавыя справы.

З працай па хатняй гаспадарцы Андрэй Клюкач наўрад ці справіўся б без дапамогі сваёй жонкі Наталлі. Яна працуе аператарам машыннага даення ў той жа гаспадарцы, што і муж, а ў 2020 годзе была ўзнагароджана ордэнам Маці. Нават са сваёй занятасцю Андрэй і Наталля Клюкач заўсёды знаходзяць час для сваіх дзяцей.

Данііл АРЦЁМАЎ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga