На ўсе сто! Ведае англійскую мову Таццяна Горбач

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ужо падведзены вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, і на Дзятлаўшчыне сёлета ёсць 100-бальнікі.

На ўсе сто англійскую мову ведае наша юная зямлячка з аграгарадка Вензавец, выпускніца гімназіі № 1 Таццяна Горбач.

Як удалося дабіцца такога выніку, дзяўчына расказала раённай газеце.

– Раней я займалася ў Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, вы здзівіцеся, з трэцяга класа вучыла нямецкую мову. У пятым класе перайшла ў дзятлаўскую гімназію, тады і адбылося маё “знаёмства” з англійскай. Безумоўна, спачатку было няпроста, займалася ў групе сярод менш паспяховых навучэнцаў, але старалася і з цягам часу “дагнала” астатніх. Мне падабаюцца замежныя мовы, люблю слухаць англійскія песні, глядзець кінастужкі.

У гімназіі я атрымала моцную моўную базу. Калі рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання, наведвала дадатковыя заняткі і “трэніравалася” ў педагога Ганны Лішык, а таксама карысталася тэматычнай літаратурай.

Увогуле, калі дысцыпліна падабаецца, калі ты ёю зацікавіўся, то і вучыцца прыемна, і поспеху дабіцца будзе намнога лягчэй.

– У ноч перад здачай тэста спала ці вучыла?

– Напярэдадні глядзела англійскія кінастужкі, сабрала ўсе свае запісы і падручнікі, перапісала і паўтарыла самыя складаныя моманты граматыкі, а затым рана лягла спаць, каб раніцай прачнуцца са “свежай” галавой.

– Калі не сакрэт, куды паступаеш?

– Дакладна не вырашыла, пакуль разглядаю дзве сталічныя ВНУ – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасцях “менеджмент” ці “інавацыйны менеджмент”.

– Як аднесліся да твайго выбару бацькі?

– Яны яго паважаюць, сказалі: “як вырашыла, так і рабі”.

– Якія планы ў цябе на студэнцтва і далейшае жыццё?

– Мару пераехаць у вялікі горад, пажыць там, прадоўжыць вывучэнне замежных моваў, атрымаць прафесію.

Каб спраўдзілася яшчэ адна мая мара, давядзецца шмат працаваць. Я люблю падарожнічаць і спадзяюся пабачыць іншыя краіны, а для гэтага трэба зарабіць грошай. Пакуль альтэрнатыву знайшла ў велападарожжах па населеных пунктах Дзятлаўшчыны, дзе таксама імкнуся ўбачыць штосьці новае, пазнавальнае для сябе.

– Чаму яшчэ хацела б навучыцца?

– Я чалавек творчы, мне падабаецца займацца відэаздымкамі, таму хачу больш прафесійна асвоіць рэжысёрскія навыкі: пісаць сцэнарыі, ставіць кадры. Аддаю перавагу аматарскаму кіно, бо там няма межаў, у відэастужку можна ўносіць і дадаваць нешта сваё.

– Чаго пажадаеш будучым выпускнікам?

–  Галоўнае, не хвалявацца і захоўваць душэўны спакой, добра спаць, харчавацца, сачыць за здароўем і прыслухоўвацца да ўласных жаданняў, каб самастойна выбраць дарогу ў будучую прафесію, бо бацькі або сябры могуць даць няправільную параду, тады ўсё жыццё давядзецца займацца не тым, што падабаецца.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga