Анатоль Лаўроўскі: “Ніколі не стамлюся ад сваёй справы”

Важнае Грамадства

“Кожны доктар – галоўны” – гэта народная мудрасць нагадвае, што медыкі ў сваёй працы кожны дзень прымаюць рашэнні, ад правільнасці якіх залежыць не толькі здароўе, а і жыццё людзей.

І выздараўленне, якое нам здаецца амаль цудоўным, насамрэч адбываецца не па ўзмаху чароўнай палачкі. Гэта напружаная праца і майстэрства доктара, які ведае сваю справу.

У Дзятлаўскай райбальніцы працуе нямала дактароў высокай кваліфікацыі і таленту, якіх рады былі б бачыць у абласных, а то і рэспубліканскіх бальніцах, але яны працуюць тут, на Дзятлаўшчыне. Сярод іх – траўматолаг Анатоль Лаўроўскі. За дваццаць сем гадоў працы ў райбальніцы ён правёў безліч аперацый найвышэйшага ўзроўню, выратаваў ад інваліднасці многіх людзей. Для дзятлаўчан траўматалогія ў раёне асацыіруецца з яго прозвішчам, а сам доктар прадаўжае “проста працаваць”, як ён сам адзначае, прафесійна, скрупулёзна, з вялікай любоўю да ўсяго, што робіць.

Нагодай сустрэцца з доктарам Лаўроўскім стала надыходзячае прафесійнае свята і яго заслужаная ўзнагарода: сёлета Анатоль Адамавіч быў адзначаны нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя”.

У ардынатарскай, якая даўно стала для яго другім домам, сапраўдны аазіс: тут шмат хатніх раслінаў, асабліва архідэй, вырошчваннем якіх захапляецца і сам займаецца Анатоль Адамавіч. У звыклай абстаноўцы доктару лёгка размаўляць, узгадваць, з чаго ўсё пачыналася.

Ён, выпускнік школы № 2 горада Маладзечна, якую закончыў з залатым медалём. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, малады чалавек вырашыў паступаць у медыцынскі інстытут, паехаў у Мінск, але перадумаў, не спадабалася ў сталічным ВНУ. Падаў дакументы ў Гродна і паступіў на лячэбны факультэт.

Часы вучобы ў медыцыскім інстытуце былі насычанымі для маладога чалавека. Тут ён з удзячнасцю і стараннем набываў веды ў новай прафесіі, быў прызваны на два гады ў войскаі прадоўжыў навучанне. У інстытуце сустрэў сваю суджаную, тут стварыў сям’ю. Маючы свабодны дыплом, прыехаў працаваць на радзіму жонкі, у Дзятлаўскую раённую бальніцу, дзе рабіў першыя крокі ў прафесіі і дзе стаў унікальным спецыялістам.

Спачатку –хірургам, а з 1997 па 2016 год узначальваў аддзяленне траўматалогіі. З 1996 года доктар займаецца лячэннем нейратраўмаў. Праз гады з удзячнасцю ўзгадвае свайго сябра і настаўніка Іосіфа Чарнушэвіча, з якім працавалі ў адной камандзе шмат гадоў. Па меркаванні Анатоля Адамавіча, гэта самы каштоўны вопыт для яго як спецыяліста. Іосіф Іванавіч сёння працуе ў Гродзенскай абласной бальніцы, а яго калега застаўся тут, у Дзятлаўскім раёне. За гады працы тут яго калегамі былі такія выдатныя дактары, як Станіслаў Ус, Міхаіл Жук, Вольга Крыжаноўская, Люцыя Бутурля, Павел Гусеў.

За час працы ў бальніцы доктар прайшоў шмат курсаў павышэння кваліфікацыі ў вузкіх спецыялізацыях, удасканаліў свае веды. Вучыцца ён не пакідае і цяпер. У 2007 годзе спецыяліст закончыў клінічную ардынатуру па спецыяльнасці “траўматалогія і артапедыя”.

–Няма ў медыцыне сферы больш дынамічнай, чым траўматалогія, – кажа доктар. – Мяняюцца метады і падыходы, і мы павінны адпавядаць ім.

У адміністрацыі раённай бальніцы высока цэняць Анатоля Лаўроўскага як спецыяліста: ён праводзіць складаныя аперацыі, на ўзроўні абласных цэнтраў. Доктар пацвярджае:

– Калі казаць пра траўматалогію, сёння мы можам у сваёй бальніцы праводзіць аперацыі любой складанасці. І справа не толькі ў кваліфікацыі дактароў, але і ў сучасным абсталяванні, якім мы валодаем.

Дзякуючы спонсарскай дапамозе Дзятлаўскага райвыканкама, мецэнатаў з Люксембурга і сродкам бальніцы, выдзеленым на “пераўзбраенне”, траўматалагічнае аддзяленне сёння гатова прымаць пацыентаў з траўмамі любой складанасці, не перапраўляючы іх у іншыя медыцынскія ўстановы. Па словах Анатоля Адамавіча, калі раней хворыя павінны былі доўгія тыдні ляжаць на выцяжэнні, знаходзіцца ў гіпсе, то сёння ёсць магчымасць праводзіць аперацыі і скарачаць тэрмін рэабілітацыі ў шмат разоў. Некалькі гадоў таму траўматалагічнае аддзяленне перажыло капітальны рамонт, былі створаны сучасныя ўмовы для працы медыкаў і знаходжання тут пацыентаў. Доктар адзначае, што яму не ўдалося б дасягнуць прафесіянальных вышыняў без надзейнага, прафесійнага калектыву аддзялення, медыцынскі персанал якога сёння працуе ў тым ліку і на кіруючых пастах у Дзятлаўскай ЦРБ.

Больш за працоўны стаж існуе сям’я Лаўроўскіх. Разам са сваёй жонкай Святланай Уладзіміраўнай яны ідуць па жыцці са студэнцкіх часоў, доўгія гады працавалі разам у райбальніцы.

–Як у адной сям’і жывуць два доктары? – пытаюся ў суразмоўцы. – Не спрачаецеся з-за розных падыходаў да справы?

– Траўматалогія і кардыялогія як дзве паралельныя прамыя, так што парады адзін аднаму стараемся не даваць. Тым больш, што Святлана Уладзіміраўна цяпер працуе ў санаторыі, а дома мы разам займаемся хатнімі справамі, а не медыцынай.

Дом і сад – гэта аддушына для Анатоля Лаўроўскага. Ён вельмі любіць кветкі, з задавальненнем садзіць новыя пладовыя дрэвы на прысядзібным участку. Нядаўна воляй лёсу стаў яшчэ і пчаляром, а год таму атрымаў пасведчанне паляўнічага. На пытанне, ці не “перагарэў” за столькі гадоў напружанай работы, доктар адказвае адназначна:

– Не, і, відаць, ніколі не буду раўнадушным ці стомленым ад сваёй справы. Мне падабаецца ўсё ў маёй рабоце: тое, што ведаю, чым дапамагчы людзям у той ці іншай сітуацыі; “збіраць” траўмаваных людзей, як канструктар, вяртаючы ім здароўе; нарэшце, чуць прывітанне на вуліцы ад знаёмых і незнаёмых людзей і бачыць шчырыя ўдзячныя ўсмешкі. І ўсведамляць тое, што я займаюся тым, што сапраўды падабаецца.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ