“Моладзь у рытме здаровага ладу жыцця”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Пад такой назвай 10 красавіка ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў абласны выязны прафілактычны марафон дэпутатаў моладзевага парламента ў рамках антынаркатычнай акцыі “Місія жыць”.

Пляцоўка аб’яднала ўдзельнікаў і каардынатараў дзейнасці абласнога і раённых моладзевых парламентаў з Гродна, Ліды, Навагрудка, Слоніма, Карэліч, Дзятлава.

У фае Цэнтра культуры гасцей віталі ансамбль барабаншчыц гімназіі № 1 горада Дзятлава і творчая група членаў моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў.

Работу форуму адкрыла віртуальная аглядавая міні-экскурсія “Дзятлаўшчына ўчора, сёння, заўтра”.

Сонечным надвор’ем, ветлівымі ўсмешкамі, цудоўнай арганізацыяй мерапрыемства нас сустрэў Дзятлаўскі раён. Дзякуем за такі ўзровень арганізацыі моладзевай акцыі “Місія жыць” мясцовым дэпутацкаму корпусу і аддзелу адукацыі. Упэўнена, што праекты юных жыхароў гэтага рэгіёна, і ўсёй нашай вобласці будуць і надалей паспяхова развівацца. Моладзевы парламент чакае шмат цікавага. Цудоўна, што традыцыі выязнога дэсанту сёння прайшлі праз каларытны Дзятлаўскі раён, – адзначыла загадчыца сектара дзіцячых арганізацый і аб’яднанняў Гродзенскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, каардынатар дзейнасці моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Таццяна Васюкевіч.

Прарламенцкае аб’яднанне моладзі на рэгіянальным узроўні існуе ў Беларусі ўжо больш за 10 гадоў. Стварэнне ў 2018 годзе моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў стала новай старонкай у рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў нашым рэгіёне. Радуе, што такая ініцыятыва зыходзіла менавіта ад маладых дзятлаўчан, зацікаўленых у далейшым развіцці нашай краіны. Пляцоўкай для работы моладзевага парламента ў нас з’яўляюцца раённы Савет дэпутатаў і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. З 2019 года быў створаны Цэнтр моладзевых арганізацый і ініцыятываў, што дазволіла прыцягнуць яшчэ больш нераўнадушных маладых людзей. За тры гады работы моладзевага парламента былі ўвасоблены ў жыццё больш за 70 праектаў і ініцыятываў. Маладыя парламентарыі нашага раёна працуюць па розных накірунках дзейнасці, іх ідэі заўважаны і ацэнены, як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўнях. У раёне мы стараемся заўважаць і падтрымліваць крэатыўную, старанную моладзь, бо зацікаўлены, каб такія маладыя людзі заставаліся жыць і працаваць на малой радзіме, – звярнуўся да прысутных старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Якім быў яе шлях ад раённага да рэспубліканскага моладзевага парламента, юным удзельнікам марафону расказала старшыня камісіі па навуцы, адукацыі і культуры моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Дыяна Мішура. Яна пажадала юнакам і дзяўчатам быць заўсёды актыўнымі і самім будаваць уласную будучыню.

Праз творчую справаздачу “Моладзевы парламент Дзятлаўшчыны – прастора адкрытых магчымасцяў” аб яго рабоце расказалі каардынатар работы моладзевага парламента Ірына Мішчанка, актывісты Данііл Гародка, Паліна Белавус, Дар’я Стракоўская, Анастасія Шышко і творчыя групы сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава. Таксама быў прэзентаваны раённы праект “Моладзь Дзятлаўшчыны – малой радзіме” і выказана задумка – стварыць камісію па моладзевым прадпрымальніцтве, эканоміцы і інавацыйным развіцці. Станоўчы вопыт для гэтага на Дзятлаўшчыне ёсць, бо тут была рэалізавана “Школа стартап: ад ідэі да прыбытковага бізнесу”, пра якую дзятлаўчане расказалі гасцям больш падрабязна. Напрыканцы выступлення юныя парламентарыі падзяліліся планамі на 2021 год, як Год народнага адзінства.

Афіцыйная частка сустрэчы завяршылася яркім сцяг-шоў.

Праграму выязнога марафону прадоўжыў ХАКАТОН-ідэй пад крэатыўнай назвай “ПУЛ моладзевых ініцыятываў”, дзе гаспадары пляцоўкі і госці прынялі ўдзел у распрацоўцы і абароне аўтарскіх моладзевых праектаў у сферы здаровага ладу жыцця.

Пасля мазгавога штурму вельмі дарэчы быў актыўны танцавальны флэш-моб “Моладзь у рытме здаровага ладу жыцця”, які ладзіўся на свежым паветры, а затым лепшыя пажаданні ад парламенцкай моладзі для любімай Беларусі ў неба панеслі паветраныя шары колераў нацыянальнага Сцяга.

Фінальным акордам форуму стала піяр-акцыя па прапагандзе сярод жыхароў Дзятлава здаровага ладу жыцця. Моладзь падзялілася на групы і ўручала гараджанам лістоўкі і флаеры з карыснай інфармацыяй.

Ірына СТЫРНІК