Меліяратар, спартсмен, сем’янін

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ні для каго не сакрэт, што жыхары пасёлка Казлоўшчына заўжды славіліся сваімі спартыўнымі дасягненнямі.

Аднак не ўсе ведаюць, што ў хуткім часе пасёлак можа стаць аматарскім цэнтрам скандынаўскай хадзьбы. А ўсё таму, што меліяратар Сяргей Калодзіч не толькі займаецца гэтым відам спорту, але і папулярызуе яго сярод суседзяў.

Кожную раніцу ён пачынае з зарадкі, часта катаецца на веласіпедзе і не губляе бадзёрасці духу. Сёмы год мужчына на заслужаным адпачынку, але і цяпер з радасцю, натхненнем успамінае работу ў Дзятлаўскім ПМС, ля вытокаў якога ён стаяў.

Сяргей Іванавіч прыехаў на сваё першае і адзінае месца працы ў 1972 годзе пасля заканчэння Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума. На месцы сённяшняй базы прадпрыемства меліярацыйных сістэм яшчэ стаялі вагончыкі, сюды завезлі рабочую тэхніку. Першым яго начальнікам быў Міхаіл Лойка.

– Помню, мы ўтраіх прыбылі сюды на работу майстрамі, былі яшчэ “зялёныя”, нявопытныя, ён нас многаму навучыў, –  з цеплынёй узгадвае ён свайго кіраўніка.

І дадае, што яму заўжды шанцавала на добрых людзей, асабліва ў меліярацыі. У працоўнай кніжцы Сяргея Калодзіча за сорак два гады – адна арганізацыя. Давялося папрацаваць тут і брыгадзірам, і намеснікам дырэктара.

Меліярацыя і будаўніцтва – дзве сферы дзейнасці Дзятлаўскага ПМС, як два бакі аднаго медаля, узаемна дапаўняюць адзін аднаго. Сяргей Калодзіч заўсёды быў бліжэй да меліярацыі. На працягу доўгага часу ён узначальваў вытворчы ўчастак, які нязменна быў у лідарах прадпрыемства.  Пад яго кіраўніцтвам было рэалізавана нямала паспяховых праектаў.

– Калі прыязджаў на аб’ект, любіў прайсці па дзесяць-пятнаццаць кіламетраў, паглядзець, як ідуць работы, пагутарыць з людзьмі пра надзённыя справы, – кажа мужчына. – Бо любая справа, нават самая вялікая, пачынаецца з простага работніка.

Ва ўсіх пачынаннях, і творчых, і спартыўных, Сяргея Калодзіча заўжды падтрымлівала яго другая палавінка – любімая жонка Зоя. Больш за сорак гадоў яны шчаслівыя разам. У Сяргея Іванавіча і Зоі Канстанцінаўны два дарослыя сыны, яны ўжо стварылі свае сем’і. Малодшы, Павел, па бацькавым прыкладзе абраў прафесію меліяратара. Падрастаюць трое ўнукаў, якія радуюць бабулю і дзядулю сваімі поспехамі ў школе.

За многія гады сумленнай працы ў Дзятлаўскім ПМС Сяргей Калодзіч быў адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай – нагрудным знакам “Ганаровы меліяратар”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga