Казлоўшчынскі сельсавет – лепшы на Гродзеншчыне

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На пасяджэнні выязной сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, якое прайшло ў Лідзе, былі ўзнагароджаны лепшыя органы мясцовага самакіравання Прынёманскага краю па выніках работы ў 2020 годзе.

Пераможцам у намінацыі “Лепшы сельскі савет” стаў Казлоўшчынскі сельскі Савет дэпутатаў, за што старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка ўшанаваны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і крыштальным знакам, а ў сельсавет “прыехаў” карысны падарунак ад абласной асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў – бензатрымер для скошвання травы.

Вадзім Аляксандравіч падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе:

– Конкурс штогадовы. Мы вырашылі падаваць дакументы ў намінацыі “Лепшы сельскі савет”. Крытэрыяў, па якіх ацэньвалі  ўдзельнікаў, было шмат. Сярод асноўных – работа сельвыканкама па добраўпарадкаванні тэрыторый і навядзенні парадку ў населеных пунктах. Ацэньвалася таксама работа грамадскіх фарміраванняў, што працуюць пры сельвыканкаме: савета грамадскага пункта аховы правапарадку, аглядавай камісіі – узаемадзеянне сельвыканкама з іншымі суб’ектамі прафілактыкі, з дваравымі камітэтамі, старастамі вёсак.

Парадавала, што нашы справы за 2020 год былі ацэнены.

Лічу, што высокі вынік – гэта плён зладжанай і карпатлівай працы ўсяго калектыву нашага сельвыканкама – кіраўніка спраў Алены Яўгенаўны Ільюхінай, інспектараў Ліліі Алегаўны Лішык і Алы Дзмітрыеўны Гародка, уборшчыцы службовых памяшканняў і тэрыторыі Данголіі Станіславаўны Турык. “Дзякуй” трэба сказаць таксама старастам вёсак і старшыням дваравых камітэтаў, усім жыхарам сельсавета за зладжанасць і актыўнасць у грамадскай рабоце. У Год народнага адзінства мяне асабліва радуе, што ў нашым сельсавеце жывуць дружныя, працавітыя людзі, гатовыя на добрыя справы для малой радзімы.

Сёлета работа па навядзенні парадку на зямлі будзе прадоўжана. Падарунак ад ад абласной асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў плануем максімальна выкарыстоўваць. Дарэчы, дзякуючы раённаму кіраўніцтву, летась для нашага сельвыканкама быў набыты прафесійны бензатрымер “Шціль”. Маючы “на ўзбраенні” адразу два “інструменты”, мы спадзяёмся на працягу сезона праводзіць своечасовае скошванне расліннасці ў населеных пунктах сельсавета. Старт вясновых работ ужо дадзены: на працягу двух тыдняў выдаляем дрэвы на могілках у Малдавічах, плануем гэта зрабіць у Лявонавічах, Драбавічах, Падвялікім. Адначасова рыхтуем дакументацыю па афармленні зямельных участкаў могілак у Малдавічах, Лявонавічах, Драбавічах, Доўбневічах і Рандзілаўшчыне для далейшай іх пастаноўкі на баланс суб’екта гаспадарання.

Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК