Сустракаем вясну разам

Важнае Культура і адпачынак

 У Новаяльнянскім яслі-садзе выхаванцы сустракалі вясну.

Штодня ўключаліся ў гутаркі «Вясна прыйшла», «Поры года», гулялі ў гульні «Вясновыя прыкметы», «Што спачатку, а што потым», вырашалі праблемныя сітуацыі «Ледзяшы», «Што схавалася пад снегам», назіралі за характэрнымі праявамі прыроды вясной. Свае ўражанні ад атрыманай інфармацыі дзеці адлюстроўвалі ў мастацкай дзейнасці: малявалі першыя вясновыя кветкі — пралескі. Таксама прынялі ўдзел у вячорках «Вясна-красна», дзе чыталі вершы, гулялі, вадзілі вясёлыя карагоды, спявалі разам з жаданым госцем — Буслікам. Беларускія народныя гульні “Блін гарыць”, “Рэдзька” — выклікалі ў выхаванцаў цiкавасць да беларускай народнай творчасці, роднай мовы.

Падчас музычнага падарожжа «Мелодыі вясны» дзеці слухалі беларускую народную мелодыю «Вясна-красна, адкуль прыйшла «, успомнілі прыпеўкі і песні пра вясну, што дазволіла развіваць уменне праяўляць сябе ў музычна-выканаўчай і творчай дзейнасці.

Таксама стала ўжо добрай традыцыяй святкаваць “Масленіцу”. Народныя святы, прысвяткi i абрады — адзiн з адметных выхаваўчых сродкаў, якія дапамагаюць пазнаёміцць дзяцей з народным фальклорам, традыцыямі, культурай свайго народа. Усе з нецярпеннем чакалі гэты дзень: вучылі вершы, рыхтавалі атрыбуты. У канцы тыдня святкаванне Масленіцы прайшло на вуліцы. Беларускія народныя гульні, карагоды, заклікі не давалі сумаваць нікому. Скончылася свята шумнымі провадамі “Масленіцы”. Дзеці развіталіся з зімой песняй-вяснянкай «Жавараначкі, прыляціце» і парадаваліся надыходу вясны.

Л. АНДРЭЕВА,
выхавальнік Новаяльнянскага яслі-сада