Як моладзь дапамагае ахоўваць правапарадак?

Важнае Грамадства

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава прайшоў адкрыты дыялог моладзі, прымеркаваны да Дня заснавання ў Беларусі моладзевых атрадаў аховы правапарадку (МААП).

Свой дзень нараджэння МААПы адзначаюць 6 лютага. Свята гэта ўстаноўлена Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі для захавання і памнажэння традыцый моладзевага праваахоўнага руху.

Напярэдадні гэтай даты, 5 лютага, сустрэчу з навучэнцамі старэйшых класаў правялі спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і педагог-арганізатар школы Алена Рынгель.

Наталля Маркава прапанавала дзецям невялікі экскурс у гісторыю моладзевага праваахоўнага руху. Яна расказала, што моладзевыя атрады аховы правапарадку – гэта сумесны праект ГА “БРСМ”, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь. На сёння рух аб’ядноўвае каля 15 тысяч юнакоў і дзяўчат па ўсёй рэспубліцы. Сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і ратаўнікамі яны забяспечваюць грамадскі парадак пры правядзенні школьных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, а таксама займаюцца тлумачальнай работай па папярэджанні надзвычайных сітуацый у побыце.

Пасведчанні ўдзельнікаў атрада МААП атрымалі Мікіта Папроцкі, Дар’я Мясаед, Таццяна Ігнацік, Анастасія Кіслая. Граматамі раённага камітэта ГА “БРСМ” за актыўны ўдзел у дзейнасці арганізацыі адзначаны Таццяна Орсік і Дар’я Мясаед. Ва ўрачыстай абстаноўцы Падзякі Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” былі ўручаны педагогам школы – Алене Рынгель і Таццяне Пазняк. У гэты ж дзень членскія білеты атрымала “маладое папаўненне” раённай арганізацыі ГА “БРСМ” з ліку вучняў гэтай школы.

У час адкрытага дыялогу вучні пацікавіліся, якія перавагі маладым людзям дае ўдзел у праваахоўным моладзевым руху. Наталля Маркава патлумачыла, што ён дапамагае юнакам і дзяўчатам павысіць юрыдычную граматнасць за кошт спецыяльнай падрыхтоўкі на базе тэрытарыяльных аддзелаў міліцыі і набрацца карыснага практычнага вопыту ў час дзяжурстваў па ахове правапарадку. Аказваючы садзейнічанне праваахоўным органам у прафілактыцы правапарушэнняў, члены МААП вучацца быць актыўнымі, дысцыплінаванымі, неабыякавымі да таго, што адбываецца вакол.

Ірына СТЫРНІК