6 лютага – Дзень моладзевых атрадаў аховы правапарадку.
Гэта свята было ўстаноўлена Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі для захавання і памнажэння традыцый моладзевага праваахоўнага руху.
У дзень нараджэння МААП у Гезгалаўскай сярэдняй школе адбылася сустрэча навучэнцаў старэйшых класаў з першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык і начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктарам Петрукевічам.
Невялікі экскурс у гісторыю моладзевага праваахоўнага руху зрабіла педагог установы Наталля Ліцкевіч. Яна зазначыла, што моладзевыя атрады аховы правапарадку – гэта сумесны праект БРСМ, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Рух аб’ядноўвае некалькі тысяч юнакоў і дзяўчат па ўсёй рэспубліцы. Сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і ратаўнікамі яны забяспечваюць грамадскі парадак і займаюцца прафілактыкай бяспекі жыццядзейнасці.
Віктар Петрукевіч расказаў, што ўдзел у праваахоўным моладзевым руху дапамагае юнакам і дзяўчатам павысіць юрыдычную граматнасць, набрацца карыснага вопыту для дарослага жыцця. Аказваючы садзейнічанне праваахоўным органам у прафілактыцы правапарушэнняў, члены МААП вучацца быць актыўнымі, дысцыплінаванымі і неабыякавымі да таго, што адбываецца вакол.
– У час сённяшняй сустрэчы пасведчанні атрымаюць не толькі “навабранцы” моладзевага атрада аховы правапарадку Гезгалаўскай школы, – зазначыла Кацярына Хілімончык, – таксама навучэнцам вашай установы, якія ўступаюць у пярвічку БРСМ, будуць уручаны членскія білеты. Да нашай арганізацыі далучацца новыя таленавітыя маладыя людзі. Хачу пажадаць усім, хто сабраўся ў гэтай зале, быць згуртаванымі, дружнымі і стаць сапраўднай камандай.
Падарункамі і граматамі раённага камітэта ГА “БРСМ” за актыўны ўдзел у студатрадаўскім і валанцёрскім руху, а таксама ў дзейнасці раённай моладзевай арганізацыі БРСМ былі адзначаны навучэнцы Андрэй Папоў, Ангеліна Бойка, Валерыя Стасюк, Ганна Календа, Ангеліна Грэцкая, а за падтрымку моладзевых ініцыятываў – педагог установы Наталля Ліцкевіч.
Кацярына Хілімончык пажадала моладзі і настаўнікам школы заставацца такімі ж творчымі, актыўнымі, ініцыятыўнымі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup