Радкі з канверта. З павагай і ўдзячнасцю

Грамадства Свежыя навіны

Непрыемнасці, захворванні прыходзяць тады, калі іх зусім не чакаеш.

Так здарылася і з намі. У жонкі з’явіўся непрыемны кашаль, прыкметы прастуднага захворвання, і яна звярнулася да ўчастковага тэрапеўта, якая прызначыла ёй адпаведнае лячэнне. Праз некалькі дзён ужо ў мяне на працягу вечара да 39 градусаў падскочыла тэмпература. На наступны дзень мы звярнуліся да нашага ўчастковага тэрапеўта Наталлі Іванаўны Жых. Прыняўшы і абследаваўшы нас, яна настойліва рэкамендавала здаць тэст на каранавірус. Праз суткі нам паведамілі, што тэст станоўчы.

Цяжка апісаць, што адбывалася з намі ў той момант – гэта і шок, і стан блізкі да панікі… але трэба нешта рабіць. Мая жонка, Лідзія Ільінічна, адпрацавала ў цэнтральнай раённай бальніцы 46 гадоў, прычым большую частку на пасадзе загадчыцы раённай клініка-дыягнастычнай лабараторыі, аддаючы свае веды, вопыт для арганізацыі гэтай службы і аказання дапамогі людзям. Яна звярнулася па кансультацыю да намесніка галоўнага доктара Інэсы Анатольеўны Гусевай. Да вечара мы ўжо знаходзіліся ў стацыянары ў загадчыка аддзялення Паўла Юр’евіча Галкевіча.

Можна шмат пісаць пра нашых медыцынскіх работнікаў. Але лепш, чым гэта зрабіла галоўны рэдактар раённай газеты Наталля Яўгенаўна Калодка, я не змагу выказаць свае пачуцці, эмоцыі і падзяку (“Перамога”, № 88 ад 4 лістапада 2020 г.). Мы з жонкай гатовыя падпісацца пад кожным яе словам і выказваннем у адрас нашых выдатных дактароў, медыцынскіх сёстраў і санітарак.

Мы вельмі ўдзячныя загадчыку аддзялення Паўлу Юр’евічу. Уражвае яго працаздольнасць, паважлівае стаўленне да пацыентаў, дабрыня і суперажыванне, уменне знайсці да кожнага хворага індывідуальны падыход і – галоўнае! – наладзіць на пазітыў у барацьбе з хваробай. Яго ўпэўненасць у спрыяльным зыходзе непрыкметна перадаецца хворым, што з’яўляецца адным з важных фактараў выздараўлення. Зладжана і аператыўна працуе ў аддзяленні сярэдні і малодшы медыцынскі персанал: яны паважлівыя, спагадлівыя, выконваюць свае абавязкі якасна і хутка. Міру і дабра, здароўя вам, вашым родным і блізкім.

У заключэнне хачу адзначыць, што дабрыня, памяркоўнасць, паважлівае стаўленне да навакольных, гатоўнасць аказаць пасільную дапамогу калегам, сябрам, знаёмым і незнаёмым людзям, цеплыня, клопат і любоў да родных і блізкіх – заўсёды вяртаецца ў сто разоў. Гэта ісціна, якая не падлягае сумненню.

Мікалай ПУЙТА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup