Гезгальскае вадасховішча зарыбілі

Важнае Грамадства

13 лістапада прайшло зарыбленне Гезгальскага вадасховішча карпам і белым амурам.

Як адзначыў дырэктар Дзятлаўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Аляксандр Шчыкарэвіч, зарыбленне Гезгальскага вадасховішча адбывалася пад эгідай і за кошт сродкаў таварыства.

У вадасховішча было выпушчана 940 кілаграмаў рыбы. Гэта 600 кілаграмаў карпа (1500 асобінаў) і 340 кілаграмаў белага амура (750 асобінаў).

Зарыбленні вадаёмаў адбываюцца за кошт членскіх узносаў, якія плацяць рыбаловы-аматары Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Звычайна гэтыя грошы акумуліруюцца на рахунку рэспубліканскай арганізацыі, затым выбіраюцца вадасховішчы краіны, дзе і адбываецца зарыбленне.

Лоў рыбы на вадасховішчы аграгарадка Гезгалы, нягледзячы на зарыбленне, не абмяжоўваецца, бо карп і белы амур хутка ўвойдуць у спячку, таму пагрозы іх вылаву няма. Сярэдняя вага асобінаў, запушчаных у вадаём, – 410 грамаў. Аляксандр Шчыкарэвіч мяркуе, што вясной карп і белы амур ужо будуць трапляць на вуды рыбакоў.

Зарыбленне вадаёмаў ажыццяўляецца для актывізацыі і папулярызацыі рыбнай лоўлі ў Рэспубліцы Беларусь, пашырэння відавога складу іхтыяфаўны вадаёмаў, павышэння якасці ўловаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup