Захаваць здароўе пры кліматычных віражах

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Цяпер эпідэмічная сітуацыя па захворванні на грып і іншыя вострыя рэспіраторныя інфекцыі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна стабільная.

У групе рызыкі па захворванні знаходзяцца дзеці: колькасць тых, хто захварэў, складае ўжо каля 60%.

Шмат жыхароў раёна загадзя атрымалі прышчэпкі супраць грыпу, які з’яўляецца самым небяспечным сярод усіх вірусных рэспіраторных інфекцый.

Важна ведаць, што тыповыя сімптомы грыпу – рэзкае і значнае павышэнне тэмпературы (да 38,5-40 градусаў), слабасць, галаўны боль, ламата ў целе. Звычайна на другі-трэці дзень захворвання з’яўляецца боль у горле, насмарк. Тэмпература трымаецца ад трох да пяці дзён.

У час хваробы для прадухілення распаўсюджвання інфекцыі неабходна прытрымлівацца звычайных мер паўсядзённай гігіены: закрываць рот і нос пры кашлі або чханні насоўкай або аднаразовымі сурвэткамі, мыць рукі з мылам адразу пасля кантакту з выдзяленнямі з дыхальных шляхоў, не дакранацца да вачэй, носа ці рота. Пажадана пазбягаць вялікай колькасці людзей, старацца больш гуляць на свежым паветры, часцей праветрываць памяшканні, не пераахалоджвацца, пазбягаць стрэсавых сітуацый. Неабходна прыслухоўвацца да рэкамендацый медыкаў, каб захаваць здароўе пры кліматычных віражах.

Інфармацыю па прафілактыцы грыпу і іншых вострых рэспіраторных вірусных інфекцый можна атрымаць у арганізацыях аховы здароўя, а таксама ў Дзятлаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па тэлефоне  2-65-13. Па пытаннях лячэння неабходна звяртацца ў арганізацыі аховы здароўя Дзятлаўскага раёна.

Таццяна КАСІЛА,
памочнік доктара-эпідэміёлага Дзятлаўскага райЦГЭ