“Моладзь супраць наркотыкаў!”

Грамадства Свежыя навіны

1 сакавіка – Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй.

Адкрыты дыялог пад такой назвай прайшоў з навучэнцамі старэйшых класаў гімназіі № 1 горада Дзятлава.

У якасці экспертаў на дыялогавай пляцоўцы выступілі начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч і інструктар-валеолаг райЦГЭ Наталля Юрэня.

Яны абмеркавалі з гімназістамі праблему незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. У даступнай для падлеткаў форме госці расказалі пра страшныя наступствы ўжывання наркатычных рэчываў. Акцэнтавалі ўвагу навучэнцаў на тым, што праблема наркаманіі з’яўляецца адной з найважнейшых глабальных праблем, для якой не існуе тэрытарыяльных, нацыянальных ці іншых межаў. Ускладняецца яна яшчэ і тым, што залежнасць аднаго чалавека “выліваецца” ў сапраўдную трагедыю для многіх навакольных.

Гімназістам нагадалі, што наркаманія – цяжкае, фактычна невылечнае захворванне. У залежнага ад наркотыкаў чалавека пакутуе мозг, псіхічнае, фізічнае здароўе, і ўсё заканчваецца заўчаснай смерцю.

Падлеткі актыўна ўключыліся ў дыялог, задавалі шмат пытанняў, на ўсе атрымалі кампетэнтныя адказы спецыялістаў.

Напрыканцы ўдзельнікі форуму прагледзелі відэасюжэт аб трагічнай гібелі маладых людзей ад перадазіроўкі наркотыкамі. Абмеркаваўшы стужку і ўсё пачутае, непаўналетнія ўпэўнена заявілі, што наркотыкам няма месца ў іх будучым жыцці: “Наркотыкі – зло! Наркотыкі – яд! Наркотыкам – не!”.

Ала ЖЭГАЛІК,
сацыяльны педагог гімназіі № 1 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga