Навагодняе віншаванне старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка

Галоўнае Свежыя навіны Улада

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Дарагія землякі!

Новы год для кожнага з нас – гэта асаблівая ўрачыстасць, у якой увасоблена нараджэнне новай мары, прымірэнне і згода, яднанне і вера.

Новы год – гэта не проста свята. Гэта кропка адліку для ажыццяўлення новых ідэй і смелых ініцыятыў, працягу слаўных працоўных, культурна-масавых, спартыўных традыцый Дзятлаўшчыны.

Мудрасць гаворыць: “Будзь удзячны мінуламу за тое, што яно дорыць табе сучаснасць і будучыню”. Нягледзячы на тое, што 2019 год быў няпростым, можна з упэўненасцю сказаць, што пражыты ён намі годна. Магчыма, нешта не атрымалася, нешта не дарабілі, але разам, сумеснымі намаганнямі мы вырашалі многія складаныя задачы, якія стаялі перад намі. Галоўнае, што ў гісторыі нашай дзяржавы, нашага раёна ён застаўся яшчэ адной мірнай, паспяховай старонкай.

Асаблівыя словы падзякі і павагі – старэйшаму пакаленню. Нізкі паклон нашым ветэранам за тое, што здабытая імі 74 гады таму Вялікая Перамога дала нам магчымасць жыць, працаваць і вучыцца ў мірнай краіне. Ад усяго сэрца жадаю нашым ветэранам, удзельнікам вайны, ветэранам працы добрага здароўя, бадзёрасці і дабрабыту!

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Усё, што дасягнута ў 2019 годзе, зроблена сумеснымі намаганнямі, пры вашай падтрымцы, неабыякавасці, вашым даверы і прамым удзеле ў жыцці роднага краю. Мы разам шукалі і знаходзілі патрэбныя рашэнні, працавалі для сябе і дабрабыту нашых сем’яў.

За апошнія гады ў перапрацоўчай прамысловасці раёна была праведзена вялікая праца па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасцяў, што дазволіла адкрыць новыя магчымасці па вырабе якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі, пашырыць экспартны патэнцыял.

У 2019 годзе прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на суму 133,1 мільёна рублёў, што ў параўнанні з 2018 годам склала 125,9 %. Экспартавана прадукцыі на суму 25,3 мільёна долараў ЗША, тэмп росту экспарту тавараў да ўзроўню 2018 года склаў 121,2 %.

Прадукцыя прадпрыемстваў раёна экспартуецца на рынкі 15 краін свету, а імпартуецца з 14 краін. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі раёна з’яўляюцца Расія, Літва, Польшча, Чэхія, Кітай.

Значная роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці Дзятлаўскага раёна належыць малому і сярэдняму прадпрымальніцтву, якое спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, пашырэнню сферы паслуг.

Найважнейшы складальнік сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна – аграпрамысловы комплекс, а сельская гаспадарка заўсёды займала асаблівае месца ў эканоміцы і закранае інтарэсы ўсіх без выключэння нашых жыхароў.

Адыходзячы сельскагаспадарчы год быў складаным для сельскіх працаўнікоў. Але нягледзячы на гэта працаўнікамі вёскі было зроблена ўсё магчымае, каб годна вырашыць задачы, якія стаяць перад імі.

У 2019 годзе працягвалася работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, ажыццяўляліся меры па павышэнні дабрабыту жыхароў, мадэрнізацыі і аснашчэнні ўстановаў аховы здароўя, адукацыі, культуры раёна.

Паважаныя землякі!

Усе нашы думкі і пачуцці, мары і надзеі скіраваны ўжо ў 2020 год. Нам трэба будзе шмат працаваць. Упэўнены, што рэалізацыя новых планаў усім пад сілу. Для гэтага ў нас ёсць працавітыя людзі, граматныя кіраўнікі і спецыялісты, дастойная моладзь, за якой будучыня раёна і ўсёй краіны.

Шчыра дзякую вам за добрасумленную працу і ўдзячны кожнаму, хто працуе ў аграпрамысловым комплексе, выпускае прадукцыю, выхоўвае і вучыць дзяцей, лечыць людзей, стаіць на варце правапарадку, даглядае адзінокіх, састарэлых грамадзян, праводзіць культурна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, усім, хто ўносіць годны ўклад у развіццё нашага раёна.

Дарагія сябры! Ад імя Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым!

Няхай 2020 год падорыць дзецям шчаслівае дзяцінства, дарослым – радасць працы, мілым жанчынам – каханне і пяшчоту, людзям сталага ўзросту – маладосць душы.

Шчыра жадаю, каб нітка духоўнага адзінства, узаемнай падтрымкі і спагады злучыла нашы сэрцы, каб мы і надалей адчувалі сябе вялікай дружнай сям’ёй.

Няхай споўняцца ўсе вашы жаданні, а надыходзячы год будзе плённым, мірным і шчаслівым для кожнага з вас.

Ад усяго сэрца жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця ў сем’ях, міру і дабрабыту!

З Новым 2020 годам!