У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава ў рамках рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” прайшоў Адзіны дзень інфармавання па тэме “ААН – 75 гадоў: гісторыя дзейнасці, асноўныя дасягненні і ініцыятывы Рэспублікі Беларусь у складзе ААН” у рэжыме стрым.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі 97 навучэнцаў 9-10-х класаў.
Да анлайн-дыялогу былі запрошаны Вераніка Максімава, начальнік аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Дзятлаўскага райвыканкама, і Аляксандр Ляўковіч, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
Вераніка Максімава ў інфармацыйным блоку “Гісторыя дзейнасці міжнароднай арганізацыі” паведаміла навучэнцам аб тым, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый – гэта міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, а таксама развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
У ходзе абмеркавання вучні даведаліся аб гісторыі ўзнікнення і прычынах стварэння ААН, яе мэтах і напрамках дзейнасці: падтрыманне міру і бяспекі на планеце, развіццё дружалюбных адносін паміж краінамі, супрацоўніцтва ў вырашэнні міжнародных праблем, забеспячэнне павагі да правоў чалавека, узгадненне дзеянняў розных краін.
Далей да анлайн-дыялогу далучыўся Аляксандр Ляўковіч. Адказваючы на пытанні навучэнцаў, ён расказаў, у якіх напрамках дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прымае ўдзел Рэспубліка Беларусь, а таксама аб ініцыятывах, з якімі выступае наша краіна. Педагог паведаміў аб прыярытэтных пытаннях, якія будуць разглядацца ў рамках супрацоўніцтва ААН і Беларусі ў сферы ўстойлівага развіцця ў 2021-2025 гадах.
Навучэнцы абмеркавалі рэалізацыю праграмы “Зялёныя школы”, якая адаптавана для Беларусі ў рамках праекта праграмы развіцця ААН “Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз установу і развіццё “Зялёных школ” у Беларусі”.
Напрыканцы мерапрыемства дзевяцікласнікі прапанавалі рэалізаваць праект сумесна з жыллёва-камунальнай гаспадаркай “#75. Алея міру” па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі нашага горада.
Алена ШПАКОЎСКАЯ,
настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup