У выпадку адхіленняў – прымем меры

Падзеі

Тлумачэнні па звароце жыхара горада Дзятлава Васіля Жыха наконт якасці пітной вады дае галоўны доктар Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак:

–  Па звароце заяўніка Дзятлаўскі райЦГЭ і Дзятлаўскае РУП ЖКГ ажыццявілі забор пробы пітной вады па адрасе: г. Дзятлава, вул. Перамогі, д.4. кв.18 (у суседзяў па доме), паколькі заяўнік дома адсутнічаў.

Даследаваныя паказчыкі ў норме, акрамя жалеза. Неабходна адзначыць, што спецыялісты Дзятлаўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі рэгулярна праводзяць аналізы якасці пітной вады.

Па выніках выяўленых парушэнняў Дзятлаўскаму РУП ЖКГ дадзены рэкамендацыі па ўхіленні прычынаў, якія садзейнічалі павелічэнню ўтрымання жалеза ў пітной вадзе: з мэтай забеспячэння падачы вады нарматыўнай якасці неабходна правесці прамыўку сетак з санітарнай апрацоўкай участкаў водаправодных сетак.

На днях спецыялісты Дзятлаўскага райЦГЭ ажыццявілі новы забор вады ў доме №4 па вуліцы Перамогі для правядзення іспытаў. Аб атрыманых выніках заяўніку паведамяць дадаткова. У выпадку выяўлення адхіленняў паказчыкаў якасці пітной вады ад нормы будуць прыняты неадкладныя меры.

Высокае ўтрыманне жалеза і марганца – прыродная ўласцівасць беларускіх падземных водаў. Перавышэнне нарматыва па ўтрыманні жалеза (0,3 мг/л) характэрна для паловы водазаборных свідравінаў на тэрыторыі краіны. Павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе надае ёй бурую афарбоўку і металічны прысмак. Наступствы для арганізма надыходзяць пры больш высокай канцэнтрацыі: па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пры ўтрыманні жалеза да 2мг/л (у 7 разоў вышэй за нарматыў у Беларусі) ваду можна піць усё жыцце і не атрымаць захворвання.

Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *