Светлым імем маці славіцца зямля

Падзеі

Маці, мама, матуля… Самыя святыя і светлыя словы на зямлі. Сутнасць іх разумееш глыбока толькі тады, калі сам дажываеш да пэўнага ўзросту, пачынаеш задумвацца над тым, што жыццё такое хуткаплыннае, крохкае, як шкло, непрадказальнае. Кагосьці з тваіх блізкіх ужо няма на гэтым свеце, але яшчэ жывая мама — і ты адчуваеш сябе маладым, яе дзіцём, верыш, што мама будзе жыць і жыць, што мама вечная. Ёй можна патэлефанаваць вечарам, пачуць навіны пра родную вёску і яе жыхароў, пра радню, далёкую і блізкую, якой ты і не помніш, але слухаеш уважліва, час ад часу ўстаўляючы слова. А ў сэрцы радасць: як добра, што ў цябе ёсць мама!

Маме прысвячаюць вершы і кнігі, з імем мамы ідуць у бой салдаты. Маме прысвечаны і чырвоныя дні календара. Адзін з іх — Дзень маці, што адзначаецца 14 кастрычніка. У народзе яго называюць Пакроў (Пакровы).

У такі цудоўны дзень хочацца расказаць пра самую добрую, працавітую, шчырую і мужную жанчыну — Ніну Мікалаеўну Цяцерыну, жыхарку вёскі Дзянісава, маці дзесяцярых дзяцей.

Ніна Мікалаеўна ўсё жыццё працавала бухгалтарам у калгасе “Слава Працы”. Жыла з сям’ёй у Дзянісаве, тут жа жывуць і многія яе дзеці, некаторыя разам з ёй, у роднай хаце. У Цяцерыных шэсць хлопцаў і чатыры дзяўчыны, цэлая калгасная брыгада. Старэйшай дачцэ нядаўна споўнілася пяцьдзясят, яна працуе шэф-поварам у доме-інтэрнаце ў Рандзілаўшчыне, а малодшаму сыну Дзмітрыю — трыццаць тры. З малых гадоў дзеці былі прывучаны да вясковай працы, дапамагалі бацькам па гаспадарцы, таму большасць выбрала працу на зямлі, у родным калгасе. І не пашкадавалі, не кінуліся ў горад шукаць лёгкага хлеба. Усе маюць жыллё і задаволены сваім лёсам, як адзначае маці.

На маё пытанне, як сям’я адважылася на дзесяць дзяцей у той час, калі ў многіх толькі адно ці двое, гаспадыня адказвае проста: ”Сама не ведаю. Ніколі не думалі, што нехта будзе лішні. Усім хопіць месца на гэтым свеце”. А мне падумалася, што яны з мужам проста кахалі адзін аднаго.

Пазнаёмілася Ніна Мікалаеўна са сваім будучым мужам у 1966 годзе, калі яна пасля вучобы працавала ў Раготне. Сям’я мужа родам з Расіі, са Смаленскай вобласці. У час вайны іх немцы прыгналі на Беларусь, тут і засталіся, не пажадалі вяртацца. Муж працаваў вадзіцелем у калгасе, два гады таму яго не стала. Не дажыў да залатога вяселля. Але памяць пра яго ў сям’і жыве. Жыве ў сэрцах жонкі і дзяцей, у вачах унукаў, у іх усмешках, манеры гаварыць, рухацца, смяяцца. А ўнукаў у Ніны Мікалаеўны трынаццаць, і ўжо ёсць адна праўнучка.

— Цяжка было, — кажа Ніна Мікалаеўна, — аднак дапамагаў мой тата. Тады ж у дэкрэтным водпуску не сядзелі. Некалькі месяцаў — і трэба выходзіць на працу. Тата ж працаваў начным вартаўніком, а ўдзень глядзеў дзяцей. А потым адзін аднаго даглядалі, як падраслі. Дзень за днём, у працы, клопатах і не заўважылі, як сталі дарослымі.

Ніна Мікалаеўна лічыць сябе шчаслівай маці. Дзеці і ўнукі здаровыя, усё ідзе ладам: падрастаюць, вучацца, знаходзяць сваё месца ў жыцці ўжо ўнукі, ствараюць свае сем’і. Чаго яшчэ жадаць? Толькі пажыць даўжэй хочацца, каб парадавацца іх шчасцю, патрымаць на руках іх дзетак.

Сапраўды, зайздросная доля. Простая, але такая правільная формула жыцця: усё як заведзена спрадвеку, усё як у людзей. Такую долю яшчэ заслужыць трэба. Хочацца пажадаць гэтай сям’і здароўя, дабрабыту і радасці.

А. АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *