Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі

Да ведама грамадзян

З 63 відаў рыбы, якія жывуць у вадаёмах і вадацёках Беларусі, многія (усе карпавыя, сомавыя) з’яўляюцца цеплалюбівымі. Пры нізкіх тэмпературах у іх запавольваецца абмен рэчываў, зніжаюцца або спыняюцца рухальная актыўнасць і харчаванне. Перад зімоўкай рыба назапашвае тлушч, які расходуецца зімой.

Каб прадухіліць масавы вылаў рыбы ў перыяд зімоўкі, правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства прадугледжаны ахоўныя меры: забаронена прамысловая лоўля ўсіх відаў рыбы на зімавальных ямах з 1 кастрычніка па 15 красавіка. Пералік зімавальных ямаў з назначэннем іх межаў указваецца ў рыбаводна-біялагічных абгрунтаваннях водных аб’ектаў.

Для захавання папуляцыі сома звычайнага, які становіцца лёгкай здабычай у зімовы перыяд, па ўсёй рэспубліцы ўстаноўлена забарона на яго вылаў з 1 лістапада па 31 сакавіка. Забарона тычыцца як прамысловай, так і аматарскай лоўлі.

У прадстаўнікоў сямейства ласосевых, да якіх адносіцца сіг чудскі і рапушка еўрапейская, позняй восенню пачынаецца перыяд нерасту. У сувязі з гэтым лоўля на сіга чудскага забаронена з 1 лістапада па 15 снежня, а на рапушку еўрапейскую — з 15 лістапада па 20 снежня.

Восенню, калі вада ў рэках прыкметна астывае, абуджаецца налім і пачынае адкормлівацца. Нераставая забарона на вылаў наліма ўстаноўлена ў Беларусі з 25 снежня па 28 лютага.

У сувязі з неадзінкавымі фактамі парушэнняў правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, палявання і рыбалкі ў Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуюць тэлефоны даверу: 8-01562-2-63-65, 8-029-6501951 (Velcom), па якіх можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлаў, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслінаў, якія выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі і Зэльвенскі раёны.

Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуем.

Г. ШЛЫКОВІЧ,
начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *