Лукашэнка прапануе Вялікабрытаніі больш актыўна інвесціраваць у Беларусь

Улада

Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Аланам Дунканам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. «Давайце вызначым 3-4 салідныя пілотныя эканамічныя праекты (таму што эканоміка — база любых адносін) і рэалізуем іх, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. — Давайце скажам па-народнаму, проста: у Вялікабрытаніі шмат свабодных грошай, якія павінны быць укладзены ў справу. Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу і некалькі — 2-3 сумесныя прадпрыемствы — пабудуем у Беларусі, якія будуць працаваць на дзве краіны». Прэзідэнт бачыць патэнцыял у тым, каб сумесна вырабляць у Беларусі прадукцыю, запатрабаваную ў тым ліку на рынку Вялікабрытаніі. «Давайце іх (такія вытворчасці. — Заўвага БЕЛТА) створым у Беларусі», — прапанаваў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго чаканні ад візіту брытанскага міністра ў тым ліку звязаны з фарміраваннем аб’ектыўнага меркавання пра Беларусь. «Я чакаю, каб вы ўбачылі Беларусь і хаця б для сябе склалі пэўнае аб’ектыўнае меркаванне пра нашу краіну. Я хачу, каб вы ўбачылі ўсё тое, што так доўга не заўважалі заходнія палітыкі і дзяржаўныя дзеячы», — заявіў беларускі лідар. Ёсць шмат напрамкаў, па якіх Беларусь і Вялікабрытанія могуць працаваць разам з узаемнай выгадай. «Калі ваш візіт будзе нейкім штуршком у гэтым напрамку, першымі крокамі, то будзем лічыць, што мы не дарэмна з вамі правялі час і вы не дарэмна прыехалі ў Беларусь», — дадаў Прэзідэнт. У сваю чаргу Алан Дункан адзначыў, што яму прыемна быць першым брытанскім міністрам, які наведаў Беларусь. «На жаль, гэта заняло вельмі шмат часу, у гэтым годзе мы адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін», — сказаў ён. Міністр таксама перадаў найлепшыя пажаданні ад прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй. Прыезд Алана Дункана — першы візіт у Беларусь прадстаўніка ўрада Вялікабрытаніі такога высокага ўзроўню. У кастрычніку 2016 года адбыўся візіт у Беларусь члена брытанскай каралеўскай сям’і прынца Майкла Кенцкага, які быў прыняты кіраўніком дзяржавы. Тавараабарот паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй у студзені-ліпені 2017 года склаў каля $1,5 млрд, або амаль 200 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года. Экспарт Беларусі дасягнуў прыкладна $1,4 млрд. У асноўным з Беларусі ў Вялікабрытанію пастаўляліся нафтапрадукты, бітумныя сумесі на прыродных мінеральных смолах, прадукцыя металургічнага комплексу, мэбля. З Вялікабрытаніі імпартаваліся рухавікі ўнутранага згарання, моцныя спіртныя напіткі, лекавыя сродкі, легкавыя аўтамабілі, электрычныя трансфарматары. Экспарт беларускіх паслуг па выніках 2016 года склаў $199,7 млн. За гэты ж год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Вялікабрытаніі на суму $1,46 млрд, у тым ліку прамых — амаль $1,39 млрд. У Вялікабрытаніі дзейнічаюць тры суб’екты тавараправоднай сеткі беларускіх экспарцёраў — кампанія BNKUKLtd (даччыная структура ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія»), прадстаўніцтва УП «Адані» — AdaniLimited. У снежні 2015 года ў Лондане таксама зарэгістравана прадстаўніцтва ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». У Беларусі працуюць 264 прадпрыемствы з брытанскімі інвестыцыямі, у тым ліку 158 сумесных прадпрыемстваў і 105 замежных.
БелТА


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *