Камітэт дзяржкантролю інфармуе аб парушэннях у аб’ектах гандлю

Падзеі

 

Пры правядзенні праверак рознічных гандлёвых аб’ектаў спецыялістамі Камітэта дзяржкантролю выяўлены парушэнні Правілаў продажу асобных відаў тавараў і ў ажыццяўленні грамадскага харчавання.

Асноўнымі парушэннямі з’яўляюцца: наяўнасць у продажы тавараў з сышоўшымі тэрмінамі прыдатнасці, парушэнні пры афармленні цэннікаў, адсутнасць поўнай і дакладнай інфармацыі аб рэалізуемых таварах.

У адпаведнасці з патрабаваннямі Правілаў продажу ў гандлёвай зале на даступным месцы павінна быць устаноўлена вымяральнае абсталяванне з інфармацыяй аб магчымасці яго выкарыстання пакупнікамі самастойна (кантрольныя шалі) для праверкі правільнасці цаны тавараў, меры і масы тавараў. Пры выяўленні недакладнай інфармацыі на маркіроўцы пакупнік мае права запатрабаваць пераважыць тавар.

Практычна ў кожным правераным гандлёвым аб’екце выяўляецца такое парушэнне, як адсутнасць або ўказанне недакладнай інфармацыі аб харчовым тавары (складу, харчовай каштоўнасці, найменні і месцазнаходжанні вытворцы, імпарцёры) на ўпакоўцы пры ажыццяўленні прадаўцом перадпродажнага фасавання і ўпакоўкі разважных харчовых тавараў у самой краме і размяшчэнні ў зале самаабслугоўвання. Склад тавару ў абавязковым парадку павінен быць даведзены да пакупніка, бо пры вытворчасці могуць выкарыстоўвацца кампаненты, ужыванне якіх можа выклікаць алергічныя рэакцыі або проціпаказана пры асобных відах захворванняў.

Таксама не выключаны факты рэалізацыі тавару пасля заканчэння тэрміну яго прыдатнасці (захоўвання). Таму пры набыцці тавару пакупнікам неабходна звяртаць увагу на дату вырабу, тэрмін прыдатнасці (захоўвання) тавараў, бо наступствы ад ужывання такіх тавараў могуць быць рознымі. Нават калі пакупнік набыў тавар з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці, яго можна вярнуць, а таксама выкласці дадзены факт парушэнняў у кнізе заўвагаў і прапановаў.

За парушэнні Правілаў продажу тавараў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічыняў.

Усяго ў мінулым перыядзе бягучага года Камітэтам дзяржкантролю вобласці за парушэнні правілаў гандлю да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 79 службовых асобаў на агульную суму штрафу больш за 2 тысячы рублёў.

Н. КРЫВІЦКАЯ,

намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *