Правілы для веласіпедыста

Здарэнні і бяспека

Абавязак веласіпедыста – выконваць правілы дарожнага руху і быць уважлівым. Яму дазволена рухацца па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкодаў і небяспекі для пешаходаў. Калі няма дадзеных элементаў дарогі ці ехаць па іх немагчыма, можна рухацца па праезнай частцы не далей за адзін метр ад яе правага краю. Пры гэтым, выезд далей за адзін метр ад краю праезнай часткі дазваляецца для аб’езду перашкоды і калі дазволены паварот налева ці разварот.

Веласіпед павінен мець спраўныя тармазную сістэму, рулявое кіраванне і гукавы сігнал, быць абсталяваны люстэркам задняга віду, спераду – святлоадлюстроўваючымі элементамі белага колеру, ззаду – чырвонага колеру, а з кожнага боку – аранжавага колеру. Пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і (або) пры яе недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду – фара (ліхтар), якая выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло. Калі іх няма ці яны няспраўныя, веласіпедыст абавязаны ісці пешшу. Рэкамендуем апранаць святлоадлюстроўваючую камізэльку.

Па пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен рухацца пешшу, весці свой транспарт побач.

Забараняецца: ехаць на веласіпедзе з няспраўнымі тармазамі, рулём, гукавым сігналам; рухацца, не трымаючы рукі на рулі і ногі на педалях; перавозіць пасажыраў, акрамя дзяцей да сямі гадоў, на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні; перавозіць грузы, якія выступаюць больш чым на паўметра па даўжыні ці шырыні за габарыты веласіпеда, перашкаджаюць ім кіраваць; рухацца на веласіпедзе дзецям да 14 гадоў без суправаджэння дарослых (патрабаванне не распаўсюджваецца на жылыя і пешаходныя зоны, тратуары, веласіпедныя і пешаходныя дарожкі).

Меры адказнасці. За парушэнне правілаў веласіпедыст будзе несці адміністрацыйную адказнасць. Пакаранне прадугледжвае артыкул 18.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згодна з часткай першай – гэта папярэджанне ці штраф ад адной да трох базавых велічыняў. За парушэнне ў нецвярозым стане – штраф ад трох да пяці базавых велічыняў (другая частка). За стварэнне аварыйнай абстаноўкі веласіпедыст заплаціць ад трох да васьмі базавых велічыняў (трэцяя частка). Калі ўдзельніку дарожнага руху прычынены лёгкія цялесныя пашкоджанні або пашкоджаны транспартны сродак, груз, дарожнае пакрыццё ці іншая маёмасць, а таксама калі парушальнік пакінуў месца здарэння – штраф ад пяці да дваццаці базавых велічыняў.

А. КАЛІНІН,
старшы дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *