Дванаццатая сустрэча кулікоўшчынцаў

Падзеі

У сярэдзіне лета, у час самага росквіту прыроды, былыя жыхары вёскі Кулікоўшчына сабраліся на традыцыйную штогадовую сустрэчу, ужо дванаццатую па ліку.

Сабралася сёлета чатырнаццаць чалавек. Сярод прысутных былі і самыя старэйшыя землякі, дваім у бягучым годзе споўнілася восемдзесят гадоў. Прыехалі і маладыя, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы, а цяпер жывуць у іншых паселішчах. Прыбыла на сустрэчу зямлячка, якой раней не давялося ўдзельнічаць у такім зборы.
Як заўсёды, сабраліся за сумесна накрытым сталом у прыгожай альтанцы, што месціцца ў садзе гасціннага гаспадара Фелікса Гайдука, нашага земляка, які цяпер жыве ў Дзятлаве.

Трэба адзначыць, што да прыгатаваных на стол страваў гаспадар заўсёды падае асабіста напечаныя бліны, якія даспадобы прысутным.

У размовах, ва ўспамінах бяжыць час хутка. Землякі зазвычай дзяліліся сваімі навінамі жыцця, радасцямі і смуткам, спявалі песні, фатаграфаваліся.

Традыцыйна з’ездзілі на месца былой вёскі Кулікоўшчына. У 1945-1955 гадах там налічвалася больш за семдзесят жыхароў, а цяпер ад вёскі застаўся толькі дуб. На гэтай зямлі калісьці была сядзіба маіх дзядоў і бацькоў.

Мы аглядалі наваколле, успаміналі свае маладыя гады, што прайшлі ў гэтым прыгожым родным кутку беларускай зямлі. Дыхалі паветрам з пахам лугавой травы і шматлікіх кветах, дрэў і кустоў, якія вольна растуць на навакольных пагорках. Час значна змяніў гэтае месца, аднак у памяці застаецца вобраз вёскі, якая шмат значыла ў нашым жыцці.

На кароткі час вярнуліся зноў у альтанку. Як і ў папярэднія сустрэчы, развітваліся са шкадаваннем і спадзяваннем на чарговае спатканне ў наступным годзе.

В. УГРЫНОВІЧ,
жыхар Слоніма,
Фота Ф. ГАЙДУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *