Ігнат Дамейка: мае падарожжы (працяг)

Падзеі

А як жа горача забілася маё сэрца, калі, выехаўшы з Дзятлава, убачыў я – праз пяцьдзесят тры гады – знаёмы алешнік, дзве ліпы ў полі, далей двор, сад, узгадаваны рукамі дзядзькі, купку густых ліпавых прысадаў, якія ў 1812 годзе пасадзіў мой апякун, а за імі белы мураваны дом.

Мае зяць і дачка, якія з самай раніцы памчаліся ў Жыбуртоўшчыну, сустракалі мяне разам з усімі дваровымі людзьмі на ганку хлебам, соллю і мёдам. Сярод хатніх слуг быў і стары Ян, майго веку, які сардэчна мяне вітаў. Толькі ён адзін застаўся з таго часу. Я абдымаў кожнага, пакаёвак і служанак, кухараў і пастухоў, жанчын з фальварка, парабкаў, садоўніка і малых дзяцей.

Абабег увесь дом, сад, гумно, стайню і абору. Усё так, як і было, толькі мой зяць аздобіў пакоі, прыбудаваў да дома прыгожы ганак і галерэю, а мая дачка, амерыканка, адразу паказала сябе добрай, спраўнай гаспадыняй, гасціннай і чыннай, хоць таго вечара яшчэ няшмат было гасцей. Вячэралі з намі толькі пробашч ды вікарый з Дзятлава.

Назаўтра я абышоў усе палеткі, нядаўна скошаныя лугі, яшчэ не зжатыя палеткі аўсу і гароху, затрымаўся і каля чарады жывёлы, у стайні, а дачка паказала мне птушнік, кухню і клець. I здавалася, усюды прысутнічаў дух святой памяці майго дзядзькі ды цешыўся з таго, што і мяне радавала.

Каментарый “Перамогі”: Ігнат Казіміравіч Дамейка (люты 1767 – 1844) пасля смерці брата Іпаліта стаў апекуном свайго 7-гадовага пляменніка Ігната ды ўсёй братавай сям’і (удава і пяцёра дзяцей) пастаянна дапамагаў. Ігнат Казіміравіч займаў пасады адваката Трыбунала ВКЛ (Вялікае Княства Літоўскае – тагачасная назва беларускай дзяржавы), рэгента асэсарскага суда ў 1794 годзе, сакратара Іяхіма Храптовіча, кіраўніка дваранства Слонімскага павета ў 1817 годзе.
Швагер Антон Вяржбіцкі (быў жанаты на сястры Ігната Казіміравіча – Марыі) успамінаў пра яго: “…светлай памяці, Ігнат, павагу да яго назаўсёды захаваю. Колькі ж прыемных хвілін правёў я там (у Жыбуртоўшчыне) з дарагою Марылькай, і колькі яскравых меркаванняў засталося ў нашай памяці! Калі ў маладыя гады ў дзядзькі было крыху вальтэрыянства (хадзілі такія чуткі), дык пазнейшым жыццём ён гэта ўсё перайначыў! Міласэрнасць, чалавечнасць, зычлівасць, сяброўская і грамадская цнатлівасць нікім гэтак выразна не выяўляліся”.

Дзядзька Ігнат не проста дапамагаў, а некалькі разоў проста ратаваў свайго пляменніка-цёзку. Спачатку пасля смерці бацькі ў 1809 годзе ўзяў сямігадовага Ігната ў свой маёнтак Жыбуртоўшчына на выхаванне. Ужо тады пачаў прывучаць малога да гаспадарання на зямлі (дзядзька меў агранамічную адукацыю і вызначаўся гаспадарлівасцю). Потым, як царскія ўлады пачалі пераследаваць Ігната за ўдзел у віленскім Таварыстве філаматаў (аматараў навукі), дапамог пазбегнуць высылкі ў “аддаленыя губерніі Расіі” і перадаў для гаспадарання свой маёнтак Заполле (у ваколіцы Ліды). Падтрымліваў і пазней, калі Ігнат пасля паражэння Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, у якім актыўна ўдзельнічаў, падаўся ў эміграцыю ў Францыю. І менавіта сюды, у светлай памяці дзядзькаву Жыбуртоўшчыну, вярнуўся Ігнат Дамейка праз паўстагоддзя.

Абед быў багаты, было весела: з’ехаліся суседзі. Праз два дні прыехаў мой даўні сябра, філарэт, васьмідзесяцігадовы Ксавэры Турскі. 3 ім ды Адынцом мы прабанкетавалі пару дзён, успамінаючы віленскія гады. Пасля Адынец паехаў у Варшаву, а Турскі – да сваіх крэўных.

Пасля іх ад’езду мы выбраліся, як і належыць, адведаць магілу дзядзькі, апошняга ўладальніка гэтага маёнтка, майго апекуна.

Ён выбраў месцам вечнага спачыну невялікі хваёвы лясок на ўзгорку каля любімай сваёй вёскі Норцавічы, населенай каталікамі, працавітымі людзьмі, што размаўляюць па-ліцвінску (па-беларуску. Заўв. рэд). У тым ляску іх добры пан заснаваў і могілкі для сялянаў, нібы прадбачачы няшчасце і пераслед, якога дачакаюцца ад праваслаўя нашыя могілкі і касцёлы. “Тут мне будзе лепш, – падумаў, відаць, ён, – бяспечней каля сумленных маіх сялянаў; яны, аберагаючы сваіх памерлых, і мяне будуць сцерагчы, а ў капліцы нічога, акрамя майго і маёй жонкі целаў, не закапаюць, нічога не застанецца, што б магло прывабіць сюды цікаўнага і хцівага непрыяцеля”.

Потым мы паехалі за паўмілі ад двара ў вёску Норцавічы і там пры ўездзе ў яе ўбачылі грамаду самых старэйшых узростам і паважаных гаспадароў з хлебам, сырам і соллю. Тут жа на століку, засланым белым палатном, стаяла пляшка гарэлкі. Збоку ад старэйшых стаялі моладзь, дзеці і ахайна апранутыя жанчыны. Войт гміны ў белай світцы, сівы, але чырванашчокі, пакланіўся мне, сказаўшы: “Хвала Езусу”. – “На векі вякоў”, – адказаў я і з вялікай прыемнасцю абняў яго. Мужчына, які стаяў каля яго, дадаў: “Мы памятаем пана маладым, і шмат жанчынаў яшчэ памятаюць”. Падышла да мяне адна старэнькая бабулька, а пасля яшчэ дзве, якія тое самае сказалі. Выпіў да іх чарку гарэлкі, і яны да мяне, закусілі аржаным хлебам, паўтарылі яшчэ раз, a пасля зноў селі ў тыя ж павозкі.

Праз вёску ехалі павольна, малыя дзеці глядзелі на нас, не ўцякалі, сабакі не брахалі, лашчыліся, а мне вельмі прыемна было бачыць, што ўжо над шмат якімі хатамі тырчэлі каміны, што прызбы, двары – чыстыя, замеценыя.

Тут жа за вёскай відаць і лясок, у ім невялікі рублены дамок капліцы, а вакол пад хвойкамі свежыя магілы, на кожнай драўляны крыжык. Ключ ад дамка быў у аднаго гаспадара, які тут жа прыбег і адчыніў яго. Усярэдзіне – толькі голыя сцены, часаны драўляны крыж уваткнуты ў зямлю, жвір з пяском параўняныя – нібы ўчора былі насыпаныя дзве магілы, адна з адной побач. За намі ўвайшло шмат жанчын і дзяцей, мы ўкленчылі і згаварылі пацеры.

Бюст Ігната Дамейкі ў Чылійскім універсітэце
Мемарыяльны пакой І. Дамейкі у Сант’яга
Помнік на магіле Ігната Дамейкі ў Сант’яга дэ Чылі
Ігнат Дамейка з жонкай Энрыкетай дэ Сатамаёр
Ігнат Дамейка з сынамі Германам і Казімірам

Пасля, у нядзелю, у дзятлаўскім парафіяльным касцёле было свята Найсвяцейшай Панны Зельнай, Узнясенне – наймілейшае свята маіх дзіцячых успамінаў, калі спраўлялі гэтую ўрачыстасць у нашым сямейным касцёліку, у Медзвядцы, – гадоў семдзесят таму.

Ахвотна і весела, нібы малады, ускочыў я раніцай з ложка і даўнім сваім звычаем пехатою пайшоў у Дзятлава. Па дарозе бачыў я людзей з розных вёсак, што пехатою або на невялікіх вазках кіраваліся да касцёла, а калі я ўвайшоў у касцёл, водар зёлак і кветак ды спеў парафіянаў напоўнілі мяне невыказным шчасцем, перанеслі ў дзяцінства – нібыта я ніколі не пакідаў бацькоўскага дому.

Касцёл, нядаўна адноўлены пасля пажару, пабелены, светлы, амаль увесь быў запоўнены людзьмі, якія канчалі спяваць гадзінкі. Праваруч ад увахода стаялі сяляне, мужчыны, пераважна ў белых світках. Старэйшыя былі ўсе па-голеныя, маладыя добра прычасаныя, падстрыжаныя.

Амаль кожны нёс торбачку з жытам або пшаніцай новага ўраджаю ды яблыкі. Многія мелі кніжкі да набажэнства, заглядалі ў іх і спявалі. Леваруч – жанчыны. Старэйшыя ў чапцах, маладыя ж прыбралі галовы кветкамі, стужкамі ды прыгожымі хусткамі, кожная з вялікім букетам разнастайных зёлак. На лаўках сядзеў сярэдні клас, мяшчане ў адзенні новага фасону ды суседзі з навакольных фальваркаў. Двое ці трое ссівелых вусачоў басам зачыналі малітву, a хор тонкіх жаночых галасоў уліваўся ў мужчынскі спеў суладна і прыгожа.

Пасля пробашч узышоў на амбон і чытаў з кніжкі маральнае павучанне. Ксяндзам нельга прамаўляць з памяці, бо асэсар лёгка можа прычапіцца за якое-небудзь смялейшае слова, якое яму не спадабаецца. I як толькі ксёндз сышоў з амбону, усе прысутныя ў касцёле заварушыліся: пачыналася працэсія. Васьмёра дзяўчат, гадоў па дваццаць, прыгожых, хораша прыбраных, узяліся несці два алтарыкі: чацвёра з іх узнялі абраз анёла-Апекуна, а астатнія – абраз Найсвяцейшай Панны. Мужчыны ўзялі харугвы, некалькі мяшчанаў – полаг.

He відаць было кіраўніка цырымоніі, аднак, калі пробашч у арнаце заспяваў песню “Божа добры…” ды бухнуў з кадзіла дым, то, не зважаючы на цеснату, працэсія зладзілася і ў такім парадку выйшла з касцёла, нібыта гэта дзеелася ў парыжскай катэдры Нотр-Дам. Пад спеў па-польску працэсія абышла вакол касцёла, а пасля людзі зноў вярнуліся на свае месцы і пачалася імша; зайграў добра знаёмы мне арган і цудоўна заспявала адна мяшчанка. Пасля імшы ўсе парафіяне ўкленчылі і пробашч, сышоўшы з алтара і таксама ўкленчыўшы, пачаў супліку:
Святы Божа! Святы Моцны!

А люд падхопліваў:

Святы і Несмяротны, злітуйся над намі.

Тут ужо ў мяне слёзы пацяклі ручаём: гэтага спеву я не чуў пяцьдзесят два гады, з таго часу, як мы спявалі ў лагеры ў Прусіі, пад чыстым небам.

Усе людзі спявалі за пробашчам, спяваў і я – плачучы наўзрыд. Пасля яшчэ спявалі іншыя набожныя песні.
Напрыканцы імшы ксёндз блаславіў: “Nunc dimitte servum Tuum” — Цяпер, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі…

Пісаў у Жыбуртоўшчыне 4 траўня 1886 года.”

Падрыхтаваў да друку Б. ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *