Вандроўка на аграсядзібу «Каля дуба»

Падзеі

Удзельнікі клуба «Нам гады не бяда» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна разам з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» і ўдзельнікамі раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» пабылі на экскурсіі ў аграсядзібе «Каля дуба».

У вёсцы Цяцейкі нас сустрэлі гасцінныя гаспадары сядзібы — Жанна Юр’еўна і Сяргей Міхайлавіч Калпінскія. Мы з цікавасцю паслухалі гісторыю стварэння іх аграсядзібы, даведаліся, чаму яна называецца «Каля дуба». Затым гаспадары прапанавалі нам паглядзець мясцовыя адметнасці, пафатаграфавацца на іх фоне.

Вельмі спадабаліся ўтульныя альтанкі, драўляныя лаўкі арыгінальнага дызайну, міні-пляж, крыніцы, якіх шмат на тэрыторыі аграсядзібы. Палюбаваліся мы таксама арыгінальнымі раслінамі, кветкамі. Пастаялі пад шатамі разгалістага дуба, які з’яўляецца цэнтрам і сімвалам аграсядзібы і адлюстроўваецца ў вадзе мясцовай сажалкі.

Гаспадары таксама прапанавалі паглядзець гасцявыя хаткі. Тут знаходзіцца шмат старадаўніх рэчаў, якія сабралі Калпінскія. Рэчы гарманічна спалучаюцца з аздобай пакояў. Саматканыя радзюжкі, вязаныя дываночкі на падлозе таксама нагадваюць пра самабытнасць беларускіх традыцый. Гаспадарам удалося стварыць каларыт беларускай вёскі.

Скончылася наша экскурсія сяброўскім чаяпіццем на тэрасе, адкуль адкрываецца маляўнічы від на сажалку.

Мы вельмі ўдзячныя гаспадарам аграсядзібы «Каля дуба» за гасцінны прыём, а таксама арганізатарам паездкі — спецыялістам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Г. Э. Касцюк і Т. М. Зінкевіч. Спадзяёмся на новыя экскурсіі і вандроўкі.

І. ВАРАБЕЙ, В. КАТВІЦКАЯ,

ад імя ўдзельнікаў клуба «Нам гады не бяда»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *