Правапарушэнні супраць грамадскага парадку

Здарэнні і бяспека

У ліку актуальных задач, якія кожны дзень вырашае міліцыя — забеспячэнне правапарадку на вуліцах і ў іншых грамадскіх месцах гарадоў, пасёлкаў, вёсак. А з якімі правапарушэннямі найчасцей сустракаюцца міліцыянеры Дзятлаўшчыны, якія пакаранні за іх прадугледжаны законам? Пра гэта карэспандэнтцы газеты расказаў старшы інспектар прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама А. Харошка.

— Адказваючы на пытанне, варта звярнуцца да главы 17 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь (адміністрацыйныя правапарушэнні супраць грамадскага парадку і маральнасці), бо найчасцей міліцыя рэгіструе выпадкі парушэнняў, якія трапляюць пад санкцыі гэтай главы. Праваахоўнікам часта даводзіцца складаць адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 17.3 — за распіццё алкагольных напояў або за з’яўленне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах, якімі з’яўляюцца паркі, стадыёны, скверы, вуліцы, грамадскі транспарт, магазіны, дваровыя тэрыторыі, акрамя месцаў, спецыяльна для гэтага прызначаных. За падобныя парушэнні прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 8 базавых велічыняў. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года, караюцца штрафам ад 2 да 15 базавых велічыняў або адміністрацыйным арыштам.

Часам падобныя дзеянні звязаны з уцягваннем непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны (артыкул 17.4 КоАП РБ). Гэта калі дарослы набывае для асобаў, якія не дасягнулі 18 гадоў, спіртныя напоі, або ўжывае спіртное разам з падлеткамі, ці ўцягвае непаўналетніх у немедыцынскае ўжыванне адурманьваючых рэчываў. Такія паводзіны дарослых караюцца штрафам у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў.

Яшчэ адзін актуальны артыкул 17.1 КоАП РБ (дробнае хуліганства). Маюцца на ўвазе нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзян, іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак або дзейнасць арганізацый і выказваюць яўную непавагу да грамадства. За такія паводзіны парушальнік будзе пакараны адміністрацыйным арыштам або штрафам у памеры ад 2 да 30 базавых велічыняў.

— А ў якім выпадку падобныя дзеянні могуць мець больш сур’ёзныя наступствы?

— Да гэтага мы вялі размову пра Адміністрацыйны кодэкс, аднак варта ведаць, што сур’ёзныя правапарушэнні супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці трапляюць пад санкцыі главы 30 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Так, паводле артыкула 339 КК РБ (хуліганства), наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выяўляюць яўную непавагу да грамадства і суправаджаюцца гвалтам або пагрозай выкарыстання гвалту, пагрозамі знішчыць або сапсаваць чужую маёмасць, носяць асабліва цынічны характар, караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі тэрмінам да 2 гадоў, або арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, або пазбаўленнем волі да 3 гадоў. Калі ж падобнае хуліганства паўторнае, або ўчынена групай асобаў, або звязана з супраціўленнем асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, або звязана з нанясеннем менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў, яно з’яўляецца злосным. Такія ўчынкі караюцца арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, або абмежаваннем волі да трох гадоў, або пазбаўленнем волі тэрмінам ад 1 да 6 гадоў.
Ёсць яшчэ артыкул 341 КК РБ, які варта ўзгадаць. Гэта асабліва тычыцца моладзі, якая любіць карыстацца балончыкамі з фарбамі і пакідаць розныя надпісы і малюнкі на сценах. Апаганьванне будынкаў або іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі ці выявамі, псаванне маёмасці ў грамадскім транспарце ці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў.

Вандалізм на могілках, ля помнікаў, абеліскаў, брацкіх магілаў — гэта таксама крымінальнае злачынства. Яно караецца штрафам, або арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, або абмежаваннем волі тэрмінам да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. А калі гэта магіла абаронцаў Айчыны, то вінаватага могуць пазбавіць волі на тэрмін да 5 гадоў.  

Гутарыла І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *