Іван Карызна — лаўрэат конкурса акадэмічных музыкантаў імя бельгійскай каралевы Лізаветы. Іван правёў значную частку свайго дзяцінства ў Дзятлаве

Падзеі

Калі ў вядомага віяланчэліста Івана Карызны пытаюцца пра Радзіму, у сваіх адказах ён часта называе два беларускія гарады — Мінск, дзе вырас, і Дзятлава, дзе жывуць яго бабуля і дзядуля. У Кацярыны Васільеўны і Георгія Міхайлавіча Шундрыкаў юны Іван правёў значную частку свайго дзяцінства.

У знак пашаны да горада Дзятлава ў 2015 годзе Іван Карызна ўпісаў яго ў свой гастрольны тур па Беларусі і адзін з канцэртаў правёў на сцэне мясцовай дзіцячай школы мастацтваў. Сёлета ў ліпені вядомы віяланчэліст зноў плануе наведаць родную Беларусь. Калі яго планы ажыццявяцца, магчыма, дзятлаўчан чакае новае выступленне, якое варта наведаць.

Чаму? Таму што не заўсёды выпадае шанц пачуць выканаўца такога ўзроўню. Іван Карызна — выпускнік Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі музыкі і танца, фіналіст класічнага «Еўрабачання-2010», лаўрэат некалькіх прэстыжных міжнародных конкурсаў, у тым ліку конкурсу імя Чайкоўскага.

А літаральна нядаўна журналісты паведамілі пра чарговы поспех Івана Карызны. На працягу мая 2017 года ён прымаў удзел у конкурсе акадэмічных музыкантаў імя каралевы Лізаветы ў Брусэлі (Бельгія). Гэта адно з самых буйных і прэстыжных музычных спаборніцтваў у свеце, названае ў гонар каралевы, якая ініцыявала яго стварэнне.

Сёлета конкурс упершыню ў гісторыі праводзіўся сярод віяланчэлістаў (традыцыйна ён праходзіць па спецыяльнасцях «фартэпіяна», «скрыпка», «вакал» — па адной спецыяльнасці на год). Удзел у першым туры прынялі каля 70 выканаўцаў. Выконвалі адну з санат Л. Бакерыні для двух віяланчэляў, адну з п’есаў для віяланчэлі і фартэпіяна, першую частку Санаты Э. Ізаі для віяланчэлі сола. У другі тур (паўфінал) прайшлі 24 удзельнікі, сярод якіх быў Іван Карызна.

Паўфінал складаўся з дзвюх частак. Першая — сольны канцэрт: удзельнікі выконвалі твор, спецыяльна напісаны для конкурсу. Другая — канцэрт з аркестрам. Поспех зноў спадарожнічаў Івану Карызну. Яго імя назвалі ў ліку 12 фіналістаў.

У фінале ўмовы сталі больш жорсткімі. Фіналістаў пасялілі асобна, далі тыдзень на падрыхтоўку без права з кім-небудзь раіцца. Спецыяльна для фіналу быў напісаны твор для віяланчэлі з аркестрам. У дадатак фіналісты павінны былі выканаць любы канцэрт для віяланчэлі з аркестрам, акрамя выкананых раней.

Напрыканцы журы выбрала 6 лаўрэатаў конкурсу. У лік прызёраў увайшоў Іван Карызна. Яму прысуджана пятая прэмія. Таксама Іван стаў уладальнікам двух спецыяльных прызоў — «Сімпатыі гледачоў» і «Прыз радыё і тэлебачання».

І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *