На Гродзеншчыне рэгулярна вядуцца расследаванні па крымінальных справах аб махлярах. Дзятлаўскі раён не выключэнне. Вельмі часта аферысты, якія наведваюцца да пажылых людзей, прадстаўляюцца спецыялістамі дзяржаўных службаў.
Варта ведаць, што махляры — выдатныя псіхолагі і карыстаюцца людскімі слабасцямі, каб учыніць злачынства. Веданне псіхалогіі дапамагае ім увайсці ў давер да людзей і тым ці іншым незаконным спосабам іх падмануць. Да кожнага чалавека існуе свой падыход, які дапамагае пранікнуць у глыбіні душы, каб уплываць на думкі і ўчынкі. Вопытныя махляры выдатна знаходзяць такія падыходы. У першую чаргу гэта веданне якасцяў асобы і праблемаў ахвяраў махлярства. Падманваючы, махляры гавораць і робяць тое, чаго хоча іх ахвяра.
Трэба быць вельмі насцярожанымі, калі пускаеце ў хату незнаёмцаў. Заўжды правярайце ў іх дакументы. Набываючы рэчы, не паддавайцеся на ўгаворы, парайцеся з роднымі і знаёмымі. Заўжды загадзя сур’ёзна абдумайце наступствы сваіх рашэнняў і ўчынкаў.
Раённы аддзел Следчага камітэта нагадвае жыхарам Дзятлаўшчыны, асабліва пенсіянерам: трэба быць абачлівымі і беражліва адносіцца да сваёй маёмасці. Пры падазрэнні, што ў ваш населены пункт завіталі махляры, неадкладна тэлефануйце ў міліцыю на нумар 102 або свайму ўчастковаму інспектару.
Парушальнікам закона варта памятаць, што, згодна з артыкулам 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за ўчыненае махлярства прадугледжана адказнасць: ад грамадскіх работаў (частка 1 артыкула 209 КК РБ) да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці (частка 4 артыкула 209 КК РБ) пры ўчыненні махлярства арганізаванай групай або ў асабліва буйных памерах.
Д. ЗАЙКО,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта