І ўсё-такі дзятлаўскі “Белтэрміз” – у фінале!

Спорт і турызм

Паўфінальная інтрыга вакол дзятлаўскага “Белтэрміза” ўзнікла на роўным месцы. У стыкавой пары з лідскай камандай “Белтэрміз” быў яўны фаварыт. Першы матч у Лідзе 22 красавіка гэта выразна пацвердзіў – 3:0 на карысць гасцей. Толькі ў першай партыі гаспадыні пляцоўкі аказалі годнае супраціўленне. Нават выйгравалі па ходу сэта 3 і 5 ачкоў. Затым “Белтэрміз” завяршыў разведку, прыбавіў і пайшоў у адрыў – 25:21.

Некалькі перастановак валейбалістак па пазіцыях у другой партыі яшчэ нарасцілі перавагу гасцей – 25:9. Трэцяя партыя прайшла па сцэнарыі другой – 25:12.

Сапернікі паціснулі рукі, падзякавалі за гульню і раз’ехаліся. А за тры дні да другога матча лідская каманда апратэставала вынік матча. Сутнасць пратэста: дзятлаўская каманда юрыдычна недакладна аформіла дазаяўку ўдзельніц матча, спазнілася менавіта з падачай пісьмовай заяўкі. І пратэст быў задаволены – “Белтэрмізу” залічылі паражэнне з максімальна магчымым лікам 0:3.

Сітуацыя склалася наступная: у другім матчы “Белтэрміз” павінен быў выйграваць з максімальным пераможным лікам 3:0. Тады пры роўнасці ачкоў і ліку па партыях, каманды меліся выявіць пераможцу ў “залатым” сэце. “Белтэрміз” аказаўся фаварытам без права на асечку. Камандная гульня, у тым ліку валейбол, у нервовай абстаноўцы не выключае непрыемныя сюрпрызы. Тым больш, што дзеючыя асобы – дзяўчаты. Але да гонару “Белтэрміза” з выпрабаваннем “на нервы” ён справіўся выдатна. Каманда на матч 30 красавіка ў Дзятлаве настроілася, як трэба. І чатыры партыі згуляла, як адну – 25:13, 25:14, 25:8. 15:5 – у “залатым” сэце.

– Навязалі саперніцам хуткую гульню з пачатку матча. Атакавалі разнастайна: і першым, і другім тэмпам, – расказаў трэнер “Белтэрміза” Васіль Русін. – Выдатна працаваў двайны блок, з падстрахоўкай. Моцна падавалі. І трымалі максімальны настрой на працягу ўсіх чатырох партый. Малайцы, дзяўчаты!
“Белтэрміз” – у фінале!

Фінал адбудзецца ў Гродне, у Лядовым палацы, у нядзелю, 14 мая. Сапернік – вельмі сур’ёзны, у валейболе абазнаны добра: каманда СДЮШОР імя Сапегі.

А ў матчы за бронзавыя медалі сустрэнуцца дзве лідскія каманды: СДЮШОР і Лідскага раёна.

Б. ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *